Што можна абнавіць у цэнтры Бельска Падляшскага?



Прайшоў даследчы шпацыр па тэрыторыі, якая будзе ахоплена лакальнай праграмай абнаўлення горада Бельска Падляшскага. Ён дазволіў стваральнікам праграмы сабраць інфармацыю пра праблемы і патрэбы паасобных прастор у дадзеным раёне горада непасрэдна ад жыхароў. “Адна з самых відавочных праблем — гэта адсутнасць месца для моладзі”, – падводзіць тэрытарыяльныя даследаванні Эва Ясіньска з Асяродка падтрымкі няўрадавых арганізацый у Беластоку:

Ёсць некалькі месцаў, якія, як падавалася, прызначаны для моладзі, аднак там няма ніякага абсталявання, лавак. Таму і атрымліваецца, што моладзь займае падворак на тэрыторыі дзіцячых садкоў, які прызначаны для малых дзяцей. Такое суседства абцяжарвае дзіцячыя садкі, але, з другога боку, моладзь насамрэч не мае месца, дзе можна сустрэцца. І на гэта вялікая колькасць людзей звярнула ўвагу. Маем недастасаваную інфраструктуру да патрэб старэйшых асоб.

Сёння пройдзе першая сустрэча адмысловай камісіі па лакальнай праграме абнаўлення горада Бельска Падляшскага, якая праверыць усе прапановы, складзеныя жыхарамі. Праграма, якая будзе стварацца на працягу бліжэйшых месяцаў, дазволіць гораду атрымаць фінансаванне шматлікіх праектаў.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падляшскі

Фота аўтара