Што пра выбары ў Польшчы пішуць за мяжой?



У Польшчы набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Што пра іх пішуць за мяжой? Пра гэта даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

У Польшчы 28-га чэрвеня адбудуцца прэзідэнцкія выбары. У сённяшнім аглядзе сканцэнтруемся на чытанні замежных газет і сайтаў, а менавіта на тым, як яны глядзяць на сёлетнюю прэзідэнцкую кампанію. Reuters назвала сваю публікацыю „Пандэмія? Рэцэсія? У Польшы галасуюць, правы геяў зноў у цэнтры ўвагі”. Маці двух сыноў-геяў Мажэна Латавец спадзяецца, што прэзідэнт у краіне зменіцца, а дзяржава перастане спансаваць маштабную кампанію гамафобіі. Пані Латавец абураная тым, што ў сённяшняй Польшчы мова нянавісці ў бок гомасэксуалаў ніяк не пераследуецца і не пагражае ніякімі наступствамі таму, хто распальвае такую варожасць. Жанчына заяўляе, што будзе галасаваць за цэнтрыста Тшаскоўскага, які абяцаў абарону ЛГБТ-супольнасці, якая будзе выражацца ў тым, што прапаганда анты-ЛГБТ спыніцца. 60-гадовая Латавец, якая працуе ІТ-спецыялістам, кажа, што тысячы палякаў зараз страцілі працу, але ўлады працягваюць шукаць асноўных ворагаў сярод геяў і выстаўляць сябе галоўнымі абаронцамі еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Мажэна Латавец узгадвае старыя часы і кажа, што пакаленне яе бацькоў 40 гадоў змагалася з камуністамі і іх уплывам у школах, што ўрэшце дазволіла многім палякам пазбегнуць камуністычнай прамыўкі мазгоў у школах. Ідэалогію кіроўнай ПіС жанчына называе яшчэ больш дэструктыўнай за дактрыну камуністаў.

Bloomberg напярэдадні разбіраўся ў спрэчках вакол даты польскіх выбараў. Адзначаецца, што Польшча ўслед за Вялікабрытаніяй, Італіяй, Расеяй і Францыяй перанесла выбары з-за пандэміі каронавіруса. У 2015 годзе Яраслаў Качыньскі абраў Дуду, малавядомага былога заканадаўцу Еўразьвязу і добрага прамоўцу, каб прадстаўляць „Права і справядлівасць” на прэзідэнцкіх выбарах. Кіраўнік дзяржавы з тых часоў трымаўся побач з кіруючай партыяй, выклікаючы ў крытыкаў занепакоенасць тым, што ён не больш чым твар магутнага партыйнага боса. Калі дзейны прэзідэнт прайграе, гэта паставіць пад пагрозу пяцігадовы нацыяналістычны план зменаў у Польшчы, бо „Права і справядлівасць” не мае дастаткова месцаў у парламенце, каб адмяніць вета прэзідэнта. Спадзяванне на працу Дуды стала ключавым элементам імкнення партыі вярнуць Польшчу да моцнай сувязі з каталіцкімі каранямі, замацаваць уладу і супрацьстаяць ліберальным, мультыкультурным каштоўнасцям Еўразвязу. З такімі высокімі стаўкамі вялізны дзяржаўны апарат робіць усё магчымае, каб павялічыць шанцы Дуды падчас кампаніі. Ён, несумненна, «атрымлівае выгаду ад вялікіх дзяржаўных рэсурсаў, ягоную кампанію фактычна вядзе грамадскае тэлебачанне», — спасылаецца выданне на паведамленне Фонда Баторыя. Грамадскае тэлебачанне ставіць пад сумнеў, ці з’яўляецца Тшаскоўскі „сапраўдным каталіком”, пытае, ці пайшоў ягоны сын на першае прычасце, а таксама кажа, што Тшаскоўскі, калі стане прэзідэнтам, плануе распрадаваць нацыянальныя інтарэсы замежным лобі.

У прэсе суседніх для Польшчы Славаччыны і Чэхіі тэма польскіх выбараў практычна не падымаецца нават за чатыры дні да іх. А вось нямецкія газеты пра польскія выбары пішуць. Märkische Oderzeitung, якая выдаецца недалёка ад нямецка-польскай мяжы ў Франкфурце-на-Одэры, засяроджвае ўвагу на Рафале Тшаскоўскім. Публікацыя, у адрозненне ад працытаваных раней Reuters і Bloomberg не далучаецца да крытыкі радыкальнага правага курсу Анджэя Дуды, але, лагічна, канцэнтруецца на палітыку, менш знаёмым немцам за дзейнага прэзідэнта Польшчы. Газета піша пра тое, што каронавірус сыграў на руку апазіцыі, тым больш з гонкі выйшла Малгажата Кідава-Блоньска, якая мела нізкі рэйтынг. Тшаскоўскі, які мае да 32% падтрымкі палякаў, мае вялікія шанцы на выхад у другі тур. У той час як Анджэй Дуда валодае англійскай мовай, Тшаскоўскі размаўляе на пяці замежных мовах: акрамя англійскай і французскай моў, ён валодае іспанскай, італьянскай і рускай мовамі. „Тшаскоўскі мае ўсё, што трэба, каб заняць высокую пасаду”, — заявіў у размове з газетай палітолаг Антоні Дудэк: „Добры знешні выгляд, інтэлект, талент у зносінах са СМІ”. Яго слабым бокам з’яўляецца тое, што ён успрымаецца як кандыдат ад гарадскіх элітаў. Наўрад ці ён можа прывабіць сельскае насельніцтва. Гэта таксама таму, што Тшаскоўскі не хавае сваіх ліберальных поглядаў, якія так і не сталі папулярнымі па-за ўрбаністычнымі прасторамі Польшчы. Таму відавочна, што многім палякам Анжэй Дуда бліжэйшы па поглядах, робіць выснову газета.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя