Шымон Галоўня выказаўся пра марш памяці выклятых жаўнераў у Гайнаўцы



19-га лютага ў Гайнаўцы пройдзе чарговы марш памяці выклятых жаўнераў, які ладзяць крайне правыя сілы. Гэты марш выклікае шмат эмоцый, паколькі яго ўдзельнікі гераізуюць асобу капітана Рамуальда Райса псеўданім Буры, які адказны за забойствы цывільнага насельніцтва Беласточчыны па рэлігійных і нацыянальных прыкметах.

Кажа лідар руху „Польшча 2050” Шымон Галоўня:

– Сёння, калі гляджу на тое, што сёння тут адбываецца, мне становіцца сумна. Падляшша заўсёды было месцам, дзе перакрыжоўваліся культуры, мовы, веравызнанні. Я хацеў бы, каб Падляшша пакінулі ў спакоі. Калі хтосьці не можа, каб не правакаваць праваслаўных пад царквой, калі праводзіцца літургія на якой прыгадваюць загінулых у тыя часы пакутнікаў, то гэта нахабнасць, якая не месціцца ў галаве.

19-га лютага жыхары Гайнаўкі ладзяць акцыю „Вечная памяць” па ўшанаванні ахвяраў капітана „Бурага”, якіх польская праваслаўная царква ў 2020 годзе ўключыла ў спіс святых пакутнікаў Падляшскай зямлі.

Нагадаем, што Інстытут нацыянальнай памяці ў 2005 годзе прызнаў забойствы здзейсненыя аддзелам Рамуальда Райса „Бурага” злачынствам з прыкметамі генацыду.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]