Скрасці беларускія мары



У апошнюю нядзелю сваю дарогу на ранішнюю літургію ў Мікалаеўскі сабор, што па вуліцы Ліпавай у Беластоку, прайшоў я не сваім традыцыйным маршрутам, але вырашыў навесці невялікую карэкціроўку трасы. Проста пайшоў са свайго дому той дарогай, якой праводзіў не раз і не два сваю дачку ў Дзіцячы садок нумар 14 па Алеі Юзафа Пілсудскага, 20/4, а потым у першых класах абіваў таксама часта і свае ногі аб парогі Пачатковай школы нумар 4 імя Сібіракоў, што па вуліцы Чанстахоўскай, 6А. Яны ж побач сябе ў цэнтры горада, у такой адлегласці, што хапіла толькі ўмоўна пераплюнуць дарогу, каб плаўна перайсці на чарговы этап адукацыі і спаўнення наступных гадоў жыцця нашых дашкольнікаў, а затым вучняў. Дзяцей у беларускі садок, а потым у школу, дзе вядзецца навучанне беларускай мове, давозіць ці прыводзіць зараз чарговае пакаленне бацькоў, якія, жывучы ў родным свеце, нясуць запаветную адказнасць за беларускае для сваіх нашчадкаў. Часта бывала і такое, што бацькі, пазбаўленыя беларускай адукацыі, хацелі засцерагчы дзяцей перад непаўнацэннай адукацыяй, якой самі не мелі з-за прычыны яе адсутнасці ў Беластоку ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. І ядналіся мы, раскінутыя па ўсіх кварталах Беластока і нават за яго межамі, у беларускую сям’ю. Адлегласці, кіламетры, злабадзённыя клопаты штодзёншчыны не былі ў змозе падрэзаць крылаў маладым сакаліным сем’ям, што хацелі падняцца і над курганамі, і над магіламі дзеля нашай беларускай будучыні. Як свабодныя птушкі і свабодныя людзі, што ведаюць важнасць ахоўваць і захоўваць свой род і племя. То такая неад’емная частка нашага коду жыцця — на сваёй мове, у сваім гняздзе, на роднай зямлі.

Перасякаючы раніцай вуліцы пустога Беластока, перад вачыма ўсплываюць вобразы тых момантаў і хвілін, калі нашы сяброўкі і сябры з Беларускага аб’яднання студэнтаў засталіся ўжо шчаслівымі мамамі і татамі і пры застольных размовах выношвалі ідэю стварэння ўрэшце свайго садка і школы. А пакаленне гэтае было здатнае да спраў, якія дагэтуль не падымаліся, ці вырашаліся паспяхова ў жыцці беларускай меншасці ў Польшчы. Колькі ўласных сіл, энергіі, часу, грошай было ўкладзена цягам усяго гэтага часу ініцыятарамі-суарганізатарамі, настаўніцамі, бацькамі разам з іх дзецьмі — гэта сапраўдная эпапея беларускага лёсу, якога летапісная хроніка адзначае, што з 1 верасня 1995 года ў садку, а два гады пазней у пачатку новага, навучальнага года родная мова загучала і на калідорах беластоцкай «чацвёркі». Як не глядзі, а неўзабаве рыхтаваўся нам зусім немалы юбілей — трыццацігоддзе беларускага прадшколля. Гэта для асяроддзя канкрэтнае ўжо вямярэнне нашага тут і цяпер, нашых аспірацый і рэальных патрэб. А дзяцей, жадаючых там вучыцца больш і больш. Дык яго трэба разбудоўваць, а не замыкаць!

Ужо мае ногі прывялі мяне ў нядзелю і пад муры абедзвюх асветных устаноў. Непадалёк ужо і сабор, які сваімі званамі прызывае ў храм Божы. Спяшаю туды і яшчэ выразней бачу і адчуваю, што нашы дзеці мелі магчымасці спалучыць усё наша духоўнае багацце, тое народна-фальклорнае, з духоўна-рэлігійным. Гэты так патрэбны для духоўнага развіцця баланс натуральным чынам упісваўся ў працяглую адметнасць выхаваўчага працэсу дашкольнікаў. Нічога затым дзіўнага, што і наш садок стаў вельмі папулярным і сярод маладых айцоў духоўнага сану, і свецкіх дзеячаў праваслаўнага асяроддзя. Наш садок, наша школа — ці ж гэта не самыя лепшыя рэкамендацыі для важнасці і патрэбы самастойнага, далейшага развіцця гэтых устаноў, а не іх нейкага фіктыўнага злучэння ў імя чыіхсьці пэўна палітычна-фінансавых інтарэсаў? Вельмі баліць, ой баліць, што гэты ўдар нанесены з удзелам праваслаўнага віцэ-прэзідэнта горада Беластока і такіх жа радных з Грамадзянскай кааліцыі, акурат перад нашай праваслаўнай Калядою. Што пра ўсю справу думаюць людзі, хапіла мне прачытаць каментарыі пад петыцыяй у абарону незалежнасці абедзвюх устаноў. Сваімі рукамі даканаць тое, да чаго не мелі гэтыя людзі аніякага дачынення! І ўбіраць гэта ў словы пра дабро дзяцей і моладзі! Не сорам Вам, дарослым людзям, скрывацца за плячыма малых і крохкіх, беларускіх дзяўчынак і хлопчыкаў у імя чужых інтарэсаў!?

Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва” №4, 2022 год

[manual_related_posts]