Старабельск — данбаская Катынь



Пра Курапаты, Катынь, Бутаўскі палігон і іншыя месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы ведаюць усе. А вось лагер НКВД у Старабельску, што ў Луганскай вобласці, вядомы пераважна гісторыкам і нашчадкам ахвяр. У 1939-1940 гадах у тым лагеры ўтрымлівалася каля чатырох тысяч польскіх вайсковапалонных. Большая іх частка была расстраляная на палігонах НКВД у Харкаве і Пяціхатках, але дакладна вядома, што палонных расстрэльвалі і ў самім Старабельску.

У якіх умовах утрымліваліся палонныя? Як ставіліся да тых палякаў жыхары Старабельска? Ці былі сярод ахвяраў і беларусы?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война сустрэўся з Дзмітрыем Лук’яненкам, старабельскім і краязнаўцам, які і распавёў пра лагер НКВД і могілкі, дзе пахаваныя яго ахвяры.

Дзмітрый Лук’яненка: Слова «Старабельск» для палякаў такое ж значнае, як і Катынь, і Асташкава, і Харкаўскія раcстрэлы. Пасля падзелу Польшчы ў 1939 годзе Савецкім Саюзам і гітлераўскай Нямеччынай частку палонных польскіх афіцэраў прывезлі да нас, дзе ў будынку былога жаночага кляштара арганізавалі лагер НКВД. Палякам не надалі статусу вайсковапалонных, як гэта прадугледжваецца ўсімі міжнароднымі пагадненнямі, і ніякіх правоў у іх не было. Безумоўна, гэта было злачынства супраць чалавечнасці. Засталіся згадкі тых палякаў, якія прайшлі старабельскі лагер, адкрытыя архіўныя дакументы… Дакладна вядома, што тут былі і польскія генералы, і што яны жылі асобна. Мясцовыя ставіліся да палонных вельмі спачувальна. Напрыклад, частавалі іх яблыкамі. Як не дзіўна, гэта не забаранялася.

РР: Ці вялікі быў лагер НКВД?

Дзмітрый Лук’яненка: Каля чатырох тысяч чалавек, хаця розныя крыніцы называюць і крыху большыя, і крыху меншыя лічбы. Вядома таксама, што нары былі ў колькі ярусаў, што зняволеных вадзілі пад канвоем на працу, а таксама,  што польскіх вайсковапалонных расстрэльвалі. Але напэўна не ў самім лагеры. Я не знайшоў ніякіх звестак пра гэта. Магчыма, гэта рабілася на якім расстрэльным участку. А ўжо потым “варанкі” уначы прывозілі забітых на пустыр за старабельскімі могілкамі і там хавалі асобна ад усіх. Прынамсі, пра гэта сведчылі мясцовыя жыхары. Цікава, што ва ўсёй літаратуры, якую давялося бачыць, расстрэлы палякаў адмаўляюцца. Але ж сталінскі генерал спецслужбаў Судаплатаў у сваіх мемуарах прыводзіць дакумент, які тыя расстрэлы пацвярджае. Называецца нават адказны за масавыя страты: нейкі Міронаў. Да таго ж, напрыканцы 90-х была эксгумацыя трупаў, і эксперты выявілі, што гэта – ахвяры старабельскага лагера НКВД. Але прозвішчы і званні тых людзей так і засталіся невядомымі. То бок, тут трэба праводзіць яшчэ экспертызы, шукаць дакументы і высвятляць факты.

РР: А дзе тыя палонныя працавалі?

Дзмітрый Лук’яненка: Пераважна на будаўніцтве вайсковых аб’ектаў: аэрадром, розныя фартыфікацыйныя аб’екты. Між іншым – ніводны з тых фартыфікацыйных аб’ектаў падчас Другой сусветнай вайны не быў задзейнічаны Чырвонай арміяй супраць нацыстаў.

РР: У польскім войску ў 1939 годзе служылі не толькі этнічныя палякі, але і тыя ж беларусы. Напэўна, яны былі і сярод вязняў старабельскага лагера НКВД. Ці знаходзілі вы нейкія сведчанні пра іх?

Дзмітрый Лук’яненка: Безумоўна, беларусы тут былі. Але ж што гэта за людзі, адкуль яны родам і што з імі потым сталася, пакуль невядома. Але добра, што вы задалі такое пытанне: буду шукаць і вашых землякоў.

РР: У польскіх і ўкраінскіх медыя перыядычна праходзяць інфармацыі пра апаганьванне польскіх могілак у Заходняй Украіне. Шмат хто мяркуе, што гэта мэтанакіраваныя правакацыі…

Дзмітрый Лук’яненка: У нас у Старабельску такое немагчыма. Гэтыя могілкі – таксама частка нашай гісторыі. І, увогуле – змагацца трэба не з мёртвымі, а з д’яблам у сваёй душы.

На Старабельскіх могілках адкрыты мемарыяльны комплекс, прысвечаны ахвярам лагера НКВД, а на сцяне былога лагера ўсталяваная мемарыяльная дошка ў памяць ахвяраў, па-польску і па-украінску.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя