Свята беларускай культуры ў Беластоку



У Беластоку адбылося XXXIІІ Свята беларускай культуры. Фестываль сабраў 24 калектывы з Беластока, Бельска-Падляшскага, Дубровы Беластоцкай, Машчоны Каралеўскай, Макаўкі, Гайнаўкі, Нарвы, Міхалова, Гарадку і Сямятычаў.

Да артыстаў з Падляшша далучыўся Народны хор народнай песні „Родніца” выкладчыкаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Хор аб’ядноўвае людзей самых розных спецыяльнасцяў. Кажуць удзельніцы хору Тамара і Таццяна:

– Пабылі ў асяроддзі, дзе беларуская дыяспара вельмі сардэчна, душэўна сустракае, як быццам прыехалі да родных. У іншай дзяржаве жыве беларускі дух, гэтыя людзі робяць такую вялікую працу, падтрымліваюць нашу беларускую культуру, падтрымліваюць мову. Душа плача ад радасці за іх і за нас.

На фестывалі можна было не толькі паслухаць беларускія песні, але і набыць кнігі і сувеніры ад народных майстроў. Свята беларускай культуры арганізаванае Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы. А паўстала дзякуючы падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў, Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства і дафінансаванню з бюджэта Беластока.

[Not a valid template]

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі