Завершыліся святкаванні Спаса на Святой Гары Грабарцы (абноўлена)



На Святой Гары Грабарцы завяршыліся святкаванні Праабражэння Гасподняга. Галоўную святочную багаслужбу праводзіў Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава:

– Праваслаўная царква адзначае вялікае свята Перамянення Ісуса Хрыста на гары Фавор. Сходам на Святой Гары Грабарцы мы актуалізуем гэтую падзею. Сваімі думкамі, малітвай, духовым досведам мы знаходзімся на Святой Зямлі на гары Фавор. Прыбываючы з апосталамі Пятром, Якубам і Янам, ён адкрыў ім малую частку сваёй боскасці.

Пасля галоўнай літургіі асвяцілі ўсталяваны на гары крыж у памяць 100-годдзя незалежнасці Польшчы. На свяце прысутнічаў Мітрапаліт Амерыкі і Канады Ціхан, які зараз знаходзіцца з афіцыйным візітам у Польшчы.

У манастыр Святых Марфы і Марыі на Спаса першыя пілігрымкі прыбылі ўжо ў пятніцу. Паводле паліцыі на Святую Гару Грабарку прыбыла каля 30 тысяч вернікаў.

З Варшавы, Беластоку, Бельска Падляшскага, Гайнаўкі, Сакоўкі, Яблочына ды шматлікіх большых і меншых мясцовасцяў Польшчы. Кажуць паломнікі:

– Тры дні ішлі, 15-га выйшлі. Цяжка, бо за дзень праходзілі 25-26 кіламетраў, у першы дзень прайшлі 27 кіламетраў. Было цяжка, але цяпер, як дайшлі, то ўсё окей.

– Мы з Яблочына і з панядзелка. Цяпер ужо лёгка, нічога не баліць. Мы першы раз. Была ў бацькоў і пабачыла, як ішла пілігрымка, і вырашыла, што, калі будзе ўсё добра, то ў наступным годзе паспрабую.

– Нават па ваду прыязджаю раз у тыдзень. Гэтае месца найважнейшае для праваслаўя.

У народзе гэта свята называюць Спасам. Вернікі прыходзяць са сваімі драўлянымі крыжамі.

Урачыстасці пачаліся ў суботу, уначы адбывалася чуванне. Паводле традыцыі пілігрымы абходзяць на каленях царкву Перамянення Гасподняга, а пазней на ўзвышшы ставяць крыжы з просьбамі пра здароўе і поспех блізкіх людзей. На Грабарку прыйшло шмат пілігрымак.

Кажа сябра Брацтва праваслаўнай моладзі ў Польшчы Лукаш Варшыцкі:

– Ведаю шмат асобаў, якія ўзялі сабе адпачынкі на ўвесь тыдзень, бо пілігрымка не працягваецца адзін дзень. Вандруюць разам з іншымі пілігрымамі, нясуць свой крыж на Святую Гару Грабарку і моляцца. Гэта вельмі пазітыўны аспект, які ўсцешвае і сведчыць пра тое, што наша праваслаўе не памірае і пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Прыходзіць штораз малодшае пакаленне. Мы хочам і будзем сюды вяртацца   

Святая Гара Грабарка вядомая сваімі цудамі з пачатку 18 стагоддзя, калі мясцовае насельніцтва дзякуючы малітве ў гэтым месцы пазбавілася ад эпідэміі. З таго часу вакол царквы Перамянення Гасподняга пачалі ўсталёўваць крыжы.

Давід Гайко, Беларускае Радвё Рацыя

Фота аўтара