Сяргей Фінскі: Я ўзгадваю „Басовішча” 90-х



Гарадзенскі музыка Сяргей Фінскі, лідар гурта “Айша”, які стаў прызёрам фэста “Басовішча” ў 1996-м годзе, узгадвае энэргетыку фэста, куды музыка ездзіў з пачатку 90-х.

Кажа Сяргей Фінскі:

– Фестываль „Басовішча” – паказваў узровень, як павінна быць. Таму што ў Беларусі не было падобнага фестывалю, куды можна было прыехаць, адчуваць свабоду, бачыць і чуць добры апарат, тут можна было футболіць піўную бляшанку, а паліцэйскі табе толькі мякка зробіць заўвагу, а не надае па шыі. Гэта быў такі разрыў шаблонаў. Зусім іншая публіка. Таму любілі гэты фестываль. Спачатку мы ездзілі ў якасці слухачаў, а затым з’явілася думка, чаму б не зайграць.

Сяргей Фінскі вельмі шкадуе, што яму не ўдалося патрапіць на фэстываль Басовішча ў апошнія гады.

– Я вельмі хацеў у апошнія гады трапіць на гэты фестываль. Паглядзець, што змянілася. Людзі, якія ездзілі, затым мне расказвалі, што не вяльмі змянілася. Але за гэты час шмат зменаў абылося навокал. Стала больш фестываляў розных. Я люблю ездзіць па ім і я бачу, як гэта прагрэсуе. І калі фестываль „Басовішча” заставаўся на месцы, то, канешне, яму наканавана было памерці.

ХХХ юбілейны фэст „Басовішча” адбудзецца 19-20 ліпеня 2019 года ў Гарадку на Беласточчыне і музыка спадзяецца, што сёлета яму ўдасца патрапіць на гэты фэст.

Беларускае Радыё Рацыя