Сёмуха з традыцыйнымі песнямі і абрадамі



Традыцыйныя песні і старажытныя абрады, звязаныя з Сёмухай, можна было пабачыць у Падляшскім музеі народнай культуры ў Юроўцах. Тут прайшоў штогадовы фестываль “Zielone Świątki”. У час мерапрыемства выступілі падляшскія фальклорныя калектывы, а таксама “Гарадзенская капела” з Ліды. Госці фестывалю пабачылі таксама два абрады, звязаныя з сённяшнім святам – Сёмухай. Гэта польскі абрад хаджэння па палях з “каралевай” і беларускі абрад – сімвал ураджаю – “Ваджэнне куста”.

Кажа кіраўнік Падляшскага музея народнай культуры Артур Гавэл:

-Вядома, гэта не толькі абрад хаджэння з “каралевай”, але і абрад “Ваджэнне куста” – усходнеславянская традыцыя, беларуская. Гэтыя два абрады падобныя. Дзяўчына, якая была ўбраная, як куст, мела на галаве карону з галінак. І гэтых галінак было так шмат, што насамрэч яна нагадвала куст. 

У час абраду “Ваджэнне куста” дзяўчыну ці маладую жанчыну ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі і вадзілі па вёсцы, абыходзячы ўсе двары. Пры гэтым спявалі абрадавыя песні, у якіх славілі гаспадароў, іх дзяцей, жадалі ім здароўя і дабрабыту. Абрад “Ваджэнне куста” паказаў у Музеі падляшскай народнай культуры калектыў “Жэмэрва” са Студзіводаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара