Тадэвуш Арлуковіч: Мае карані з Меншчыны



“Мае карані з Меншчыны”, – кажа госць Беларускага Радыё Рацыя Тадэвуш Арлуковіч, адзін з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беластока.

Мясцовыя выбары ў Польшчы пройдуць 21 кастрычніка:

РР: Чаму вы вырашылі балатавацца на гэтую пасаду? Якія вашыя асабістыя сувязі з Беластокам і з гэтым рэгіёнам?

Тадэвуш Арлуковіч: Больш за паўтары гады працую ў няўрадавай арганізацыі. Мы паставілі сабе за мэту вызначыць галоўныя праблемы Беластока, правесці даследванне сярод жыхароў, якія б далі нам адказ на тое, ці яны задаволеныя тым, што робіцца ў горадзе, ці не. З гэтага даследвання вынікае, што жыхары добра адчуваюць сябе ў Беластоку, любяць свой горад, але лічаць, што Беласток не да канца выкарыстоўвае свае магчымасці, як адзін з дзясяці найвялікшых гарадоў Польшчы. Беластачане вельмі амбітныя людзі, таму лічаць, што Беласток патрабуе новай энергіі, новага імпульсу, як кажуць, добрых зменаў. Таму супольна са сваімі прыяцелямі, якія працуюць са мной у няўрадавых арганізацыях, прынялі такое рашэнне, стварылі незалежны выбарчы камітэт “Беласток на ТАК”, і так усё пачалося.

РР: Што вам падабаецца ў сучасным Беластоку, а што не падабаецца? З чаго б вы гэтыя змены пачалі найперш?

Тадэвуш Арлуковіч: Трэба памятаць пра тое, што праца ў самаўрадзе з’яўляецца публічнай службай, а я з’яўляюся толькі адным з беластачан. Беласток добра ацэньваецца беластачанамі: добры для жыцця, прыязны, чысты, бяспечны. У Беластоку не хапае чагосьці, што называецца “вішанка на торце”. Людзі бачаць іншыя гарады, як яны развіваюцца, якая паўстае інфраструктура. Людзі праплываюць праз Беласток – прыязджаюць, вучацца і з’язджаюць. Гэта праблема, трэнд, які мы павінны змяніць. Мы пастараліся падрыхтаваць нашу праграму на падставе гэтых даследванняў.

РР: Беласток з’яўляецца дастаткова спецыфічным горадам, бо ён знаходзіцца побач з мяжой, тут жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў, розных нацыянальнасцяў. Ёсць вялікая група прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці. Ці маеце вы нешта менавіта для гэтых людзей?

Тадэвуш Арлуковіч: Так. Я заўсёды падкрэсліваю, што мае карані далёка на Усходзе. Мая сям’я паходзіць са Стоўбцаў, што пад Менскам. Я па натуры з’яўляюся ўсходнікам. Лічу, што трэба казаць пра шматкультурнасць, толькі трэба гэтую шматкультурнасць выдабываць з Беластока. Трэба рабіць праекты, якія паказваюць, што Беласток з’яўляецца шматкультурным. У нас такія праекты падрыхтаваныя, мы хочам іх рэалізаваць. У спісах выбарчага камітэта Тадэвуша Арлуковіча “Беласток на ТАК” ёсць праваслаўныя. Мы з’яўляемся адной вялікай сям’ёй. Нашы людзі – гэта зрэз жыхароў Беластока. Калі ідзе пра праекты, то адным з галоўных, ключавых, які мы прэзентавалі, які я лічу найважнейшым – гэта Усходні інстытут у Беластоку. Гэта ўстанова, якая ў выглядзе вышэйшай навучальная ўстановы ці факультэта будзе займацца ўсходнімі праблемамі. Перадусім гэта навязванне кантактаў, а таксама падрыхтоўка кадраў, якія змогуць вынікова дапамагаць польскім прадпрыемцам уваходзіць на ўсходнія рынкі. Мы не выкарыстоўваем гэты патэнцыял, які ёсць у нашай шматкультурнасці, і не толькі ў культурніцкім вымярэнні, а таксама ў вымярэнні гаспадарчым. З помпай праводзяцца кангрэсы, якія нічога не даюць, акрамя таго, што дрэнуюць бюджэт горада. Мы хочам гэта змяніць. Трэба перастаць казаць пра шматкультурнасць і пра дасканалае месцазнаходжанне, трэба пачаць гэта выкарыстоўваць. Варта займацца такімі праектамі, якія будуць дапамагаць выдабыць тое, што з’яўляецца найважнейшым. Па-першае, людскі патэнцыял. Па-другое, месцазнаходжанне.

РР: Калі вы ўжо сказалі пра Усходні эканамічны кангрэс, які прайшоў у Беластоку, то там шмат прадстаўнікоў менавіта бізнеса – беларускага і польскага найперш. Ёсць шмат праблем у кантактах паміж бізнесоўцамі. Гэтыя праблемы не вынікаюць толькі з жадання ўладаў і прэзідэнта Беластока. Яны вынікаюць з палітычных рэаліяў. 

Тадэвуш Арлуковіч: Думаю, што так, але бізнес пераходзіць межы. Часта прадпрыемцы кажуць: “Нам палітыка не патрэбная, мы павінны мець умовы”. Асноўная праблема – гэта праўная і інвестыцыйная падтрымка. Мы не ведаем рынка, які знаходзіцца па-за межамі Еўразвяза. Літва, Латвія і Эстонія з’яўляюцца краінамі Усходняй Еўропы, якія жывуць па законах Еўразвяза. Калі ідзе пра Беларусь, вялікую краіну з вялікім патэнцыялам, дзе ёсць магчымасць весці бізнес, але ёсць і праблема з разуменнем іх права. Гэта галоўная праблема для прадпрыемцаў, якую трэба вырашыць. Там няма палітыкі, хоць палітыка канешне адкрыецца. Нягледзячы на тое, што Беларусь мае дэфіцыт дэмакратыі, яна мае вялікі гаспадарчы патэнцыял. Я размаўляў з нашымі прадпрыемцамі, яны кажуць: “Хочам будаваць у Гародні, хочам туды інвеставаць, але ёсць праблема”. Перадусім гэта тое, што інвестыцыі не забяспечаныя эканамічна, тут трэба звяртацца да польскага ўрада, каб прымаў рашэнні звязаныя з фінансавай асекурацыяй. Каб быў створаны гарантыйны фонд, які застрахуе дзеянні польскіх прадпрыемцаў, якія хочуць туды інвеставаць. Нестабільная гаспадарчая, а таксама праўная сітуацыя. З іншага боку мы павінны падтрымаць гэтых асобаў з праўнага боку, каб яны адчувалі сябе ў бяспецы інвестуючы ў Беларусь. Мы, як беластачане, павінны быць першымі, бо нам найбліжэй. Беласток з’яўляецца найбольшым горадам у паўночна-ўсходняй Польшчы, ён быць экспансіўным, а не з’яўляецца. Мы павінны гэта змяніць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя