Тадэвуш Трускаляскі: Беласток заўсёды гатовы падтрымаць ахвяраў рэжыму Лукашэнкі



Ключы ад дзвюх кватэр у Беластоку Ірэне Бернацкай з Ліды і Марыі Цішкоўскай з Ваўкавыску ўручыў Прэзідэнт горада.

Пра важнасць такога кроку распавёў сам Тадэвуш Трускаляскі:

Учора мы даведаліся як рэжым Лукашэнкі паступае з прадстаўнікамі апазіцыі. Муж Святланы Ціханоўскай быў пакараны 18-цю гадамі калоніі. Іншым ўдзельнікам працэсу былі прысуджаны тэрміны ад 14 да 16 гадоў калоніі. Гераіням сённяшняга спаткання таксама пагражалі б высокія пакаранні, калі б яны вярнуліся ў Беларусь.

Прадстаўніца лідскага аддзялення Саюзу палякаў Ірэна Бернацкая падзякавала за прадастаўленае горадам жыллё і падкрэсліла, што ў яе планы ўваходзіць вяртанне ў Беларусь:

– Палякі чарговы раз паказваюць усім сваю салідарнасць, чалавечую спагаду, яны патрымліваюць у любой сітуацыі свайго брата ці сястру. У такой сітуацыі сёння аказалася я. Я яшчэ дасюль у сваім сэрцы, у думках у Лідзе. Я яшчэ не ў Беластоку. Бо там за мной тысячы людзей. Я чакаю, што таксама буду там і разам надалей будзем працаваць з беларусамі, як было калісьці.

Вядома, што плошча кватэр складае 38 кв.м. кожная. Адрас размяшчэнне жылля, перададзенага ў карыстанне пацярпелым ад рэжыму Лукашэнкі, не разгалошваецца ў мэтах бяспекі.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя