Тарнуў прыпыніў супрацу з Цярнопалем з-за ўшанавання памяці Рамана Шухевіча



Тарнуў – горад у ваяводстве Малапольскім у Польшчы  прыпыніў супрацу з украінскім Цярнопалем з-за ўшанавання памяці Рамана Шухевіча.  Імем лідара ўкраінскіх нацыяналістаў, генерала і галоўнакамандуючага УПА, які супрацоўнічаў з нацыстамі, названы стадыён ва ўкраінскім Цярнопалі.  Польскі бок нагадаў, што Шухевіча абвінавачваюць у дачыненні да Валынскай разні – масавых забойстваў палякаў украінскімі нацыяналістамі ў 1943 годзе, – піша “Газэта Выборча”.

Раман Шухевіч быў намеснікам камандзіра батальёна „Nachtigall” і капітанам 201-га батальёна Schutzmannschaft . Ён адказны, у прыватнасці, за злачынствы супраць габрэйскіх, польскіх, беларускіх і ўкраінскіх грамадзянскіх асоб. Рашэннем уладаў Цярнопаля абурыўся таксама Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы.  Раней супрацу з Цярнопалем прыпыніў іншы польскі горад  – Замосьць.  Сваё абурэнне выказала таксама міжнародная габрэйская арганізацыя – „Цэнтр Сімона Візенталя”, якая напісала ліст у ФІФА. У ім падкрэслівалася, што прысваенне стадыёну імя ваеннага злачынцы ганьбіць футбол.

Між тым, ініцыятар праекта, мэр Цярнопаля, заявіў, што дзякуючы Шухевічу існуе незалежная Украіна. Прэс-сакратар украінскага Міністэрства замежных спраў заявіў, у сваю чаргу, што дыскусіі пра нацыянальную памяць трэба пакінуць гісторыкам, у той час як дыпламаты павінны засяродзіцца на „ўмацаванні сяброўства”.

Фота: znaj.ua