Таццяна Церан: Крымская тэма гучыць няспынна



Люты робіцца традыцыйна напружаным месяцам у адносінах паміж Украінай і Расеяй. Сёлета адносіны паміж краінамі дайшлі ледзь не да вайны. Восем жа год таму – таксама ў лютым – адбылася расейская акупацыя Крыму.

“Для нас гэта балючая старонка. Менавіта таму ва ўсіх цяперашніх праектах і прасочваецца крымская тэма”, – адзначыла нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай адказны сакратар украінскага “ПЭН-цэнтра” Таццяна Церан.

Таццяна Церан: Я буду гаварыць пра праекты ўкраінскага ПЭНа, які мы ініцыявалі з калегамі-партнёрамі. За апошнія восем гадоў былі здзейснены дзясяткі праектаў рознага фармату, пераважна інфармацыйныя кампаніі, культурныя праекты. У краіне, дзе трывае вайна, дзе ёсць палітвязні на часова акупаваных тэрыторыях, не могуць адбывацца падзеі, у якіх мы не згадаем пра нашых калег, якія сёння не могуць быць з намі. Таму ўсе нашыя ініцыятывы звязаныя з гэтым. Згадаю пра праект «Крым летні сезон». Гэта выставачны праект, які ПЭН рабіў разам з Цэнтрам «Грамадзянскіх свабод» і з іншымі нашымі партнёрамі. І гэта была выстава, якую мы зрабілі ў краме «Усе свае». Мы доўга думалі, які абраць новы, цікавы фармат. І мы абралі краму ў цэнтры горада на вуліцы Хрышчаціку, і папрасілі вядомых людзей перадаць нам экспанаты, якія звязаныя для іх з Крымам. Мы вырашылі праз успаміны пра Крым, праз нашую памяць пра Крым, які дакладна ёсць часткай біяграфіі кожнага ўкраінца, у такі спосаб актуалізаваць гэтую тэму і зрабілі выставу. Акрамя таго, калі выстава трывала, мы распавядалі гісторыі гэтых людзей. Гэта актыўна прысутнічала ў медыя, у розных фарматах – і ў літаратурным, і ў журналісцкім. Шмат гаварылі пра гісторыі звычайных людзей, заклікалі дзяліцца імі ў сацсетках. Была такая досыць актыўная кампанія.

Я згадаю таксама кампанію, з якой мы працуем зараз ужо трэці месяц. Мы да яе далучылі аўтараў украінскага ПЭНу, пісьменнікаў і журналістаў, і папрасілі іх стаць амбасадарамі журналістаў палітвязняў у Крыме. Мы просім іх пісаць у сваіх сацыяльных сетках, абавязкова згадваць пра палітвязняў на ўсіх сваіх выступах ва Украіне і за мяжой. Мы просім іх пісаць у медыя, даваць інтэрв’ю, браць удзел у нашых праектах і нашых розных праваабарончых кампаніях, літаратурных чытаннях, фестывалях. Пры кожнай нагодзе мы заклікаем іх, каб яны бралі ўдзел у падобных праектах і нагадвалі пра палітвязняў.

Цалкам матэрыял:

Таццяна нагадала і пра лісты палітвязням, яна перакананая, што напісаць ліст палітвязню нескладана, але для зняволенага такое паведамленне – сапраўдная падтрымка.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]