„Тэлятыцкая панарама” у Верпалі



Вернісаж „Тэлятыцкай панарамы” аўтарства Міраслава Здрайкоўскага прайшоў у вясковай святліцы ў Верпалі. Верпаль, Семіхочы, Барысаўшчына, Стоўбцы, Зубічы – вёскі, якія ўвайшлі ў панараму так званых тэлятыцкіх земляў, бо мясцовасць з назвай Тэлятычы не захавалася. Кажа мастак Міраслаў Здрайкоўскі:

Тэлятыцкая зямля ў вярхах ракі Пульвы ад самага пачатку была такой воссю гісторыі, вакол якой пасяляліся людзі, пачаўшы ад Верпаля і Барысаўшчыны, якая была адным з фарпостаў Тураўскага княства. Нездарма бачым на панараме святога, тураўскага князя Барыса, унука Уладзіміра Манамаха, сына Юрыя Даўгарукага. Як праўдападобна маскоўская даследчыца Ірына Шыбанава лічыць, ён даў назву Барысаўшчыне. Шыбанава паходзіць адсюль, мае карані з роду Каральчукоў з Верпаля, пражывае зараз у Маскве, яна займаецца вывучэннем гэтых земляў. Знаёмства з ёй і яе сям’ёй і стала інспірацыяй для гэтай выставы.

Такая панарама ствараецца галоўным чынам у адукацыйных і патрыятычных мэтах. Кажа гісторык мастацтва Валянцін Сельвясюк:

Гэта як бы панарама дасягненняў людзей, якія жывуць у рэгіёне цягам пэўнага гістарычнага часу. І вось аўтар Міраслаў Здрайкоўскі  ў традыцях гэтага жанру стварыў такую панараму Тэлятыцкай зямлі. І тут тое, што было створана людзьмі, не абавязкова захавалася, але чым яны могуць ганарыцца.

Ужо 10 чэрвеня „Тэлятыцкая панарама” будзе прэзентавана ў тэлятыцкай царкве святых Казьмы і Дзям’яна. Вернісаж у Верпалі суправаджаў канцэрт калектываў „Жэмерва” і „Асочнікі” са Студзіводаў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя