Трагічныя вынікі пажару ў Беластоку



Два маладыя пажарнікі загінулі ў час выратавальных дзеянняў у Беластоку. Пажар адбыўся ў чацер, 25 чэрвеня, увечары на тэрыторыі аптовага склада штучных кветак.

 

У дзеяннях прымаў удзел 51 пажарнік. У будынку не было людзей. Пажарнікі (ва ўзросце 26 і 29 гадоў) увайшлі на дах будынка па вонкавай лесвіцы па загадзе кіраўніцтва выратавальных дзеяннаў, кажа галоўны камендант Дзяржарнай пажарнай службы Лешэк Сускі:

– Яны вышлі на паверх па сталёвай лесвіцы, пасля чаго патрапілі на лесвічную пляцоўку. З гэтай пляцоўкі яны апусціліся ніжэй. Хутчэй за ўсё, яны не ведалі, што знаходзяцца на частцы падвясной столі. Гэтая столь пад імі абвалілася. Адзін з пажарнікаў упаў і загінуў. Другі спрабаваў выратавацца. Аднак была вельмі высокая тэмпература. На жаль, выратавацца яму не атрымалася.

 

Прычыны смерці двух пажарнікаў расследуе адмысловая пажарная камісія. Надалей невядома, што было прычынай пажару. Адзін з пажарнікаў асіраціў гадовае дзіця, другі меў стаць бацькам праз месяц.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота bialystok.wyborcza.pl і аўтара