Цела 19-гадовага сірыйца знойдзена ў Бугу



Цела 19-гадовага сірыйца знойдзена ў Бугу – гэта чарговая ахвяра гуманітарнага крызісу на мяжы з Беларуссю. Маладога чалавека разам з іншым сірыйцам выпхнулі ў раку лукашэнкаўскія службы, аднаму ўдалося перайсці раку. Ён паведаміў ужо польскім памежнікам пра смерць таварыша. Пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі паведамляюць і валанцёры з Гайнаўкі:

– Беларусы іх проста выпіхваюць. Дзяўчына трапіла ў шпіталь у Гайнаўцы, бо была збітая беларускімі памежнікамі. Трапляюць людзі, у якіх сляды апёкаў ад цыгарэт на руках і нагах. Беларусь таксама іх не хоча. Гэта такі бізнес. Гэтыя людзі – ахвяры розных механізмаў. Яны ў Беларусі не могуць застацца. Польскі бок іх выпіхвае на мяжу. Палякі ходзяць з сабакамі. Пайсці з сабакамі на чалавека ў лесе?!

Працяглы гуманітарны крызіс на мяжы з Беларуссю – гэта смяротная пагроза для ўцекачоў, якія шукаюць прытулку ў Польшчы і Еўразвязе. З’яўляюцца паведамленні аб прымяненні сілы ў дачыненні да мігрантаў як польскімі, так і беларускімі службамі.

Нагадаем, што 2 верасня на польскім баку мяжы аб’яўлена зона надзвычайнага становішча, туды не дапускаюць ні журналістаў, ні медыкаў. Зараз вядома прынамсі пра 7 смерцяў мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: radio.lublin.pl