Ці патрэбная вышка мабільнай сувязі ў вёсцы Пухлы?



Вышку мабільнай сувязі хоча пабудаваць адзін з аператараў у вёсцы Пухлы ў гміне Нарва. Планаваная інвестыцыя мае быць размешчана на прыватным панадворку аднаго з жыхараў вёскі. Жыхары Пухлаў падзяліліся ў меркаваннях – патрэбная вышка мабільнай сувязі ці не?

У сувязі з гэтым заўтра, 11 ліпеня, у 13 гадзінаў у вёсцы пройдзе сустрэча інвестара з жыхарамі, –  паведаміла солтыс Пухлаў Моніка Грыц:

– Запрасілі мы прадстаўніка мабільнага аператара і войта гміны. Па маім меркаванні, і меркаванні жыхароў вёскі, гэтая вышка не патрэбная, бо ўсе мы маем інтэрнэт, ва ўсіх працуюць тэлефоны. А таксама ў суседніх вёсках  ёсць такія вышкі. Не ведаю, навошта ў нас яшчэ хочуць паставіць?

На думку праціўнікаў новай інвестыцыі  ў Пухлах, вышка мабільнай сувязі парушыць натуральны краявід  месца, абазначанага на турыстычных картах  Падляшша, як «шлях адкрытых ваконніц». Пухлы ўключаны таксама ў ахоўную зону «Натура-2000».

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: mzmk.by