Ці ўвядзе Расея свае войскі ва Украіну?
Расея рыхтуецца да ўводу войскаў на ўсход Украіны, пра гэта на брыфінгу у Кіеве заявіў каардынатар групы “Інфармацыйны супраціў” Дмытро Тымчук. Паводле яго, дата наступу – 15-га ліпеня, якая не аднойчы гучала ў інфармацыі, што атрымлівала група.
Расея пакуль вырашае, у якім фармаце ўвесці войскі на Данбас, але відавочна лёгка захапіць усход Украіны расейцам ня ўдасца, адзначыў у нашым эфіры палітолаг Яраслаў Чарназуб:
– Я веру ў тое, што ўсё ж знойдуцца цвярозыя галовы, якія не дадуць гэтаму адбыцца. Таму што гэта будзе апошняй авантурай Пуціна ў яго палітычнай кар’еры. Немагчыма захапіць украінскі Дамбас, гэта відавочна. На сённяшні дзень там адбыўся пералом у пазіцыі большасці мясцовага насельніцтва, якое пачало дапамагаць украінскаму войску.
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна – Дмітрый Пяскоў – у сваю чаргу назваў паведамленне пра дату ўвядзення расейскіх вайскоўцаў ва ўсходнія рэгіёны Украіны – адкрытай хлуснёй.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота uapress.info