Ці застанецца ў Беластоку памятная шыльда Дзігі Вертава?



Памятная шыльда Дзігі Вертава – сусветнавядомага савецкага кінарэжысёра, аднаго з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакументальнага кіно, ураджэнца Беластока можа знікнуць з будынка Беластоцкага цэнтра культуры.

Беластоцкі аддзел Інстытута нацыянальнай памяці, у які звярнуўся прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, выказаўся што Вертаў, які працаваў у Маскве сваёй творчасцю спрыяў камуністычнаму рэжыму.

Паводле Тадэвуша Трускаляскага інфармацыя ІНП, пра гэтага выдатнага рэжысёра адназначна выказвае, што нягледзячы на вялікія заслугі для сусветнага кіно ён не павінен мець сваёй шыльды ў Беластоку.

— Там падкрэсліваецца факт, што гэтая асоба была добрым творцам, але сваё мастацтва ён выкарыстоўваў для прапаганды ідэі камунізму, у якую ён верыў. Цяпер мы маем абавязак правесці юрыдычны аналіз, якім чынам паступіць. Мы правядзем гэты аналіз і прымем рашэнне.

Рашэнне ў справе памятнай шыльды павінна быць прынятае цягам  бліжэйшых 2 месяцаў.

Дзіга Вертаў быў стваральнікам савецкага дакументальнага кіно ў 30-х гадах. Зняў між іншым фільм «Тры песні пра Леніна», за які Сталін унёс яго ў спіс забароненых рэжысёраў.

У 2012 годзе ў апытанні амаль тысячы кінакрытыкаў брытанскага часопіса «Sight & Sound» фільм Дзігі Вертава  «Чалавек з кінаапаратам» (1929 г.) заняў восьмае месца сярод лепшых фільмаў усіх часоў. У 2014 годзе «Sight & Sound» назваў карціну лепшым дакументальным фільмам усіх часоў.

Сапраўднае імя і прозвішча Дзігі Вертава Давід Кауфман. Нарадзіўся ў сям’і беластоцкіх габрэяў. Ягоны брат Барыс Кауфман быў вядомым галівудскім кінааператарам, лаўрэатам Оскара.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток