Ці з’явіцца аэрапорт пад Беластокам?



У Падляшскім ваяводстве пройдзе рэферэндум з пытаннем пра будаўніцтва аэрапорта.

Так вырашыў Галоўны адміністрацыйны суд, у які звярнуліся прадстаўнікі грамадскага камітэта сабраўшы каля 60 тысяч подпісаў за правядзенне рэферэндуму. Паводле Дзяржаўнай выбарчай камісіі галасаванне павінна быць праведзенае не пазней зя 15 студзеня.

Аднак, хуткі тэрмін – гэта не адзіны клопат Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства, якое абавязанае правесці рэферэндум. Паводле віцэ-маршалка Мацея Жыўна, патрэбна ад 4 да 6 мільёнаў злотых, якія ўправа павінна знайсці ў бюджэце.

— Гэта грошы, якія мы альбо будзем вымушаныя прасіць, каб скарбнік зняў з ваяводскіх шпіталяў, з дарожных інвестыцый, на даль таксама і з установаў культуры. Мы абавязаныя знайсці гэтыя грошы проста ў маланкавым тэмпе.

Прадстаўнікі грамадскага камітэта, які збіраў подпісы за правядзенне рэферэндуму, гатовыя былі адступіць ад сваёй задумы, аднак, як кажа адзін з прадстаўнікоў камітэта, ваяводскі радны Багуслаў Дэмбскі, пры адпаведных умовах.

— Вядома, ёсць рашэнне суда, але калі б было дасягнутае пагадненне, дык камітэт можа напісаць у Дзяржаўную выбарчую камісію заяву пра адмову ад гэтага рэферэндуму, пры ўмове, каб працы па будаўніцтве актыўна ішлі наперад.

Паводле прадстаўнікоў Маршалкоўскай управы няма магчымасці адмяніць рашэння суда аб правядзенні рэферэндуму.

Першапачаткова аэрапорт меў узнікнуць у ваколіцах вёскі Тапаляны, 25 кіламетраў на поўдзень ад Беластока. Аднак, ані Еўразвяз, ані польскі ўрад не маюць на гэтую інвестыцыю грошай. Паводле вылічэнняў на будаўніцтва спатрэбіцца каля 300 мільёнаў злотых.

Лукаш Леанюк,Беларускае Радыё Рацыя, Беласток