У Батумі ўзгадалі крывавыя падзеі 1989 году



У грузінскім Батумі адбылася акцыя памяці, на якой ўзгадалі тбіліскія падзеі 9 красавіка 1989 году. У 1989 годзе ў Грузіі адбылася так званая спецаперацыя па разгоне апазіцыйнага мітынгу каля Дому ўраду Грузінскай ССР, калі унутраныя войскі СССР уночы 9 красавіка сапёрнымі рыдлёўкамі разганялі мітынг, у выніку загінулі людзі. Па ўсёй Грузіі гэтым крывавым падзеям стаяць помнікі і сёння да іх ускладалі кветкі.

Пра памяць падзеяў 1989 году распавядае грузінскі палітык Гено Тэбідзе:

– Гэта была самая страшная ноч для Грузіі. Таму што рускія войскі 9 кастрычніка 1989 году рыдлёўкамі забівалі жанчын, простых людзей, якія пратэставалі на вуліца Руставелі каля парламенту. Пасля гэтага адбылося паўстанне грузінскіх грамадзян.

Для кіраўніка грамадскай арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Рамана Кісляка – гэта дзень барацьбы з імперыяй.

– Прадухіленне такіх трагедыяў – гэта задача ўсіх людзей усяго свету – беларусаў, грузінаў, украінцаў. Таму беларусам, якія жывуць зараз у Грузіі, вельмі важна ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, шанаваць памяць тых, хто загінуў, хто бараніў свабоду і незалежнасць, тыя падзеі.

На акцыю памяці таксама прыйшла вялікая колькасць украінцаў, якія пераехалі ў грузінскі Батумі ад вайны і валанцёры штабу дапамогі Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя