У беларускіх ліцэях на Беласточчыне ўсё менш навучэнцаў



Сёння па ўсёй Польшчы навучальны год завяршаюць вучні выпускных класаў сярэдніх школаў. Як адзначае дырэктар комплексу школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Яўген Сачко, праблема памяншэння колькасці абітурыентаў і ў цэлым вучняў, закранае не толькі беларускія ліцэі:

– У нас сёння заканчваюць вучобу 106 вучняў. Яны вучыліся ў чатырох трэціх класах. Гэта апошнія выпускнікі, дзе ў чатырох класах было больш за сто вучняў. Цяпер ужо ў класах каля 70-75 вучняў. Я думаю, што гэтая праблема датычыць не толькі нашай школы, але і ўсіх школ такіх малых гарадкоў, як Гайнаўка. Людзі пераязджаюць жыць у вялікія гарады, таксама трэба дадаць складаную дэмаграфічную сітуацыю.

4-га траўня ў школах Польшчы пачынаюцца экзамены на атэстат сталасці. Першае выпрабаванне – польская мова. А 24-га траўня пройдуць экзамены па мовах нацыянальных меншасцяў, у тым ліку па беларускай мове.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток