У Беластоку абмеркавалі перспектывы навучання на беларускай мове




Сустрэча была арганізавана ўладамі горада для таго, каб пачуць голас беларускай супольнасці Беластока, прэзентаваць планы па развіцці вывучэння беларускай мовы і абвергнуць інфармацыю пра нібыта ліквідацыю дзіцячага садка № 14 з беларускай мовай навучання.

Гэта найважнейшыя мэты сустрэчы прэзідэнта Беластока Тадэвуша Трускаляскага з прадстаўнікамі беларускай супольнасці, якая адбылася ў сераду (26-га студзеня).

Па словах прадстаўнікоў мясцовай улады Беласток і беларуская меншасць могуць атрымаць узорную ўстанову з беларускай мовай. Такія школы ўжо ёсць у Бельску Падляшскім і Гайнаўцы, цяпер надышоў час для Беластока. У новым калектыве можна будзе вучыць дзяцей ад дзіцячага садка да апошніх класаў пачатковай школы. А ў будучыні, магчыма, нават у сярэдняй школе.

Кажа ўдзельніца сустрэчы, кіраўнічка аб’яднання AB-BA Уршуля Іванюк:

– Перадусім просім пра выкананне нашых патрабаванняў. Гэта значыць узбуйнення прадшколля, пашырэння спартовай залы ў сярэдняй школе №4, абсталяванне гэтай школы. Таксама іншых патрабаванняў, сярод якіх не адмаўляць дзецям уцекачоў у вывучэнні беларускай мовы. Пасля выканання гэтых патрабаванняў, павышэння якасці гэтых устаноў і выгляду, вяртаемся ў комплекс, ніхто не мае нічога супраць. Мы прапануем гэта зрабіць трохі па-іншаму, каб Беласток мог пахваліцца традыцыямі шматкультурнасці, пра якую сведчыць выгляд нашага прадшколля і выгляд нашай школы.

Вынікі перамоваў пра будучыню навучання па-беларуску ў Беластоку адзначыў удзельнік сустрэчы, прафесар Алег Латышонак:

– Выступілі за магчымасць вывучэння беларускай мовы дзецьмі эмігрантаў. Паводле польскага закону яны не могуць карыстацца тымі самымі правамі. Улады сказалі, што разгледзяць гэтае пытанне і дапамогуць нам яго вырашыць праблему. Яны станоўча да гэтага аднесліся і будуць шукаць юрыдычныя магчымасці, каб такое навучанне магло адбывацца.

На сустрэчы па пытаннях развіцця і шляхоў падтрымкі вывучэння беларускай мовы ў Беластоку прысутнічалі: прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі, прадстаўнікі беларускай супольнасці: прафесар Алег Латышонак, Уршуля Іванюк кіраўнічка аб’яднання АБ-БА, Яраслаў Вердоні і Марэк Масальскі з „Форуму меншасцяў Падляшша” і Юліта Сцепанюк – маці дзіцяці, якое наведвае дзіцячы садок № 14 у Беластоку. Улады горада таксама прадстаўлялі Рафал Рудніцкі – намеснік прэзідэнта горада, які адказны за адукацыю, Адам Мусюк, намеснік прэзідэнта горада, і Веслава Цвікліньска, дырэктар дэпартамента адукацыі. Прысутнічалі таксама радныя Беластока Яана Місюк, Стэфан Нікіцюк і Ксенія Юхімовіч.

Паводле слоў удзельнікаў сустрэчы, далейшыя планы горада па стварэнні комплексу беларускамоўных садка і школы будуць адбывацца ў супрацоўніцтве з беларускай меншасцю і ў адпаведнасці з яе патрэбамі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]