У Беластоку адбудзецца ІІІ Дыпламатычны фестываль



Браніслаў Камароўскі, Марэк Мігальскі, Яраслаў Кузняр ды Павел Коваль стануць галоўнымі выступоўцамі Дыпламатычнага фестывалю, які ў другой палове лютага адбудзецца ў сталіцы Падляшша. Мерапрыемства ладзіць ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй і Універсітэт у Беластоку. Тэмамі сёлетняга ІІІ Дыпламатычнага фестывалю будуць, сярод іншага, польска-амерыканская палітыка, адукацыя ў Фінляндыі ды сувязі Польшчы і яе ўсходніх суседдзяў.

З лекцыяй пра ўсходнюю палітыку выступіць доктар Павел Коваль, кажа арганізатар фестывалю настаўнік ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя ў Беластоку Яцэк Бжазоўскі:

– Будзе не толькі гістарычны кантэкст, прысутныя змогуць падыскутаваць на тэму сучаснай так званай польскай усходняй палітыкі.

Дыпламатычны фестываль пройдзе з 19 па 23 лютага ў ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі і Універсітэце ў Беластоку. Інаўгурацыйную лекцыю 19 лютага ў актавай зале Універсітэта прачытае былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя