У Беластоку адкрылася выстава Ежы Навасельскага



Яго іконы ды іканастасы не вельмі прыжыліся на Падляшшы, хоць імі захапляліся ва ўсёй Польшчы і па-за яе межамі. Ежы Навасельскі, выбітны польскі творца, пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну на сценах цэркваў і ў мастацкіх галерэях. У Беластоку адкрылася выстава “…І шкадую, што яго тут няма… Ежы Навасельскі невядомы”.

Падчас адкрыцця прафесар Лявон Тарасэвіч выказаў думку пра стварэння музея Навасельскага на Падляшшы, аднак Катажына Чэрні, аўтарка біяграфіі мастака, не падтрымлівае такую ідэю:

– Тут не шмат яго рэчаў ёсць. Яго не хацелі на Падляшшы. Ён не падабаўся. Ён быў задужа сучасны, задужа авангардны. Тыя рэчы, якія рабіў тут на Падляшшы або засталіся на этапе праекту, або былі адхілены і перанесены ў Кракаў.

Наведнік выставы, вядомы рэжысёр Юры Каліна лічыць, што магчыма цяпер прыйшоў час на разуменне творчасці Ежы Навасельскага:

– Магчыма ўжо некаторыя з нас, праваслаўныя на Падляшшы, ці наогул у Польшчы, дараслі да гэтага, што кананічная ікона не абазначае іконы з 19 стагоддзя, з Масквы, але кананічныя іконы – гэта таксама іконы і Ежы Навасельскага.

Выстава адкрылася ў музеі скульптур Альфонса Карнага ў Беластоку. Ежы Навасельскі паходзіў з украінска-аўстрыйскай сям’і, нарадзіўся ў 1923 годзе ў Кракаве. Да вайны ў пашпарце меў упісаную ўкраінскую нацыянальнасць. Выставу невядомых малюнкаў і праектаў мастака арганізаваў Фонд Villa Sokrates.  

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі