У Беластоку адкрыўся новы інфармацыйны цэнтр для турыстаў



Мапы і сувеніры, мультымедыйнае абсталяванне, інфакіёск ды камп’ютары. Усё гэта даступна для турыстаў, якія наведаюць інфармацыйна-турыстычны пункт, што ад серады распачаў сваю працу ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі.

Раней цэнтр працаваў на вуліцы Мальмеда, што ў цэнтры Беластока, і ў мінулым годзе яго паслугамі скарысталася больш за 15 тысяч чалавек. Уся інфармацыя прадастаўлена на розных мовах, у тым ліку партугальскай і расейскай. “Беларускай пакуль няма,” – кажа супрацоўніца цэнтра Паўліна Янушка:

–  Сыходзячы са статыстык, беларусаў штораз больш прыязджае да нас не толькі за пакупкамі, але каб затрымацца на пару дзён. Яны зацікаўлены турыстычнымі прапановамі нашага рэгіёна, таму, я думаю, у наступным годзе пры новых праектах будзем пра гэта думаць і пастараемся рэалізаваць гэтую задуму.

Новы інфармацыйны цэнтр для турыстаў працуе ў буднія дні з 9-ай да 17-ай гадзіны ў будынку оперы ў Беластоку.

Як кажа Паўліна Янушка, тут можна запланаваць, між іншым, экскурсію на параходзе ў Аўгустове, сплаў на байдарках па Падляшскіх рэках, знайсці начлег, а таксама іншую карысную для кожнага турыста інфармацыю.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  Давіда Данелюка