У Беластоку будуць гучаць беларускія вершы



Падыходзіць да завяршэння беларускі дэкламатарскі конкурс, які ўпершыню праводзіць Фонд «Тutaka» на Беласточчыне.

На першай фазе конкурсу журы разглядала запісы канкурсантаў.

Кажа кіраўнік Фонду Павел Станкевіч:

– Мы праводзім дэкламатарскі конкурс для дзяцей, моладзі і дарослых. Конкурс быў адкрыты для ўсіх. Першая частка праходзіла ў фармаце анлайн.

У фінал дэкламатарскага конкурсу прайшлі 20 чалавек у трох узроставых катэгорыях. Сярод фіналістаў дзеці як беларусаў Беласточчыны, так і прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Кажа кіраўнік Фонду Павел Станкевіч:

– Фінал гэтага конкурсу будзе адбывацца 21 лютага ў Дзень роднай мовы. Запрасілі нашых фіналістаў, каб у Лялечным тэатры паспрабавалі сваіх сілаў. Тут таксама будзе працаваць журы.

У склад журы трапілі паэты Міра Лукша, Андрэй Хадановіч і Андрэй Сцепанюк, а таксама актор і рэжысёр Гарадзенскага драматычнага тэатра Сяргей Курыленка.

На пачатку імпрэзы адбудзецца выступ беларускага паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, які прачытае лекцыю для гасцей імпрэзы “Беларуская паэзія ў сучасным свеце”.

У межах святкаванняў таксама пройдзе аўтарская сустрэча з журналісткай Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, беларускай рэпартажысткай і літаратаркай з Падляшша Ганнай Кандрацюк-Свярубскай.

Урачыстая імпрэза фіналу конкурсу пройдзе 21 лютага ў Беластоцкім Тэатры Лялек па вуліцы Каліноўскага, 1. Пачатак а 16-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]