У Беластоку дыскутавалі пра сітуацыю ў Беларусі



Пра бягучую сітуацыю ў Беларусі дыскутавалі ў беластоцкім Музеі памяці Сібіры. На адмысловую канферэнцыю з удзелам студэнтаў Еўрапейскага каледжа ў Наталіне, дзе праходзяць Еўрапейскія міждысцыплінарныя даследаванні, запрасілі арганізатара акцый салідарнасці ў Беластоку Марыну Ляшчэўскую і супрацоўніка Беларускага Радыё Рацыя Марціна Рэмбача. Падчас дыскусіі было закранутае пытанне ролі Крамля ў далейшым развіцці сітуацыі.

Марына Ляшчэўская выказала думку, што Пуцін не будзе ўводзіць войскі ў Беларусь:

– Расея не будзе ўводзіць войскі ў Беларусь, або акупоўваць. На сённяшні дзень Расея мае вельмі цяжкую сітуацыю ў гаспадарцы, а таксама пратэсты ў Хабараўску. Людзі вельмі напружаныя і ім хопіць іскры, каб пратэсты распаўсюдзіліся па ўсёй Расеі, таму Пуцін так асцярожна падыходзіць да гэтай сітуацыі. Гэта шанец для Беларусі, каб паспець вырвацца.

Марцін Рэмбач адзначыў, што пратэст павінен скончыцца сыходам Лукашэнкі, а таксама дадаў, што ключы ад вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі ляжаць у Маскве, а не ў Бруселі:

– Праўдападобна, што Лукашэнка на працягу пяці гадоў улады не ўтрымае. Ён анахранічны, ён не пасуе. Супраціў грамадства вельмі моцны, больш за 40 дзён. Ён не можа нічога з гэтым зрабіць, бо раней ён з такімі справамі разбіраўся напрацягу некалькіх дзён. Мне падаецца, што ключы да беларускай справы ў Расеі, у тым ліку таму, што Еўропа на гэта пагадзілася.

На канферэнцыі, мадэратарам якой выступіў прафесар Войцех Слешыньскі, таксама былі закранутыя такія пытанні, як русіфікацыя Беларусі ў часы праўлення Аляксандра Лукашэнкі, роля незалежных СМІ – тэлеканала Белсат і Беларускае Радыё Рацыя ў барацьбе з расейскай прапагандай ды многія іншыя. Студэнтаў таксама цікавіла, як яны асабіста могуць дапамагчы беларусам у іх змаганні за справядлівыя выбары і спыненне гвалту ў краіне – на што адказам выступоўцаў было: як мага шырэй распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, каб беларускае пытанне не сыходзіла з парадку дня ў Еўропе.

Беларускае Радыё Рацыя