У Беластоку пачаўся фестываль габрэйскай культуры



Традыцыйныя танцы і стравы з Ізраіля, да таго габрэйская музыка да позняга вечара. У Беластоку пачаўся юбілейны дзясяты фестываль габрэйскай культуры «Захор». Госці, сабраныя ў нядзелю на рынку Касцюшкі, пачулі песні са Славакіі, Украіны і Іспаніі.

Сёлетні фестываль прысвечаны асобе цудам выратаванай з беластоцкага гета, журналістцы і польска-габрэйскай дзяячцы Феліцыі Рашкін-Новак, кажа арганізатарка мерапрыемства Люсі Лісоўска з Цэнтра грамадскай адукацыі Польшча-Ізраіль:

Яна вельмі важная для нас, бо яна, калі пазней жыла ў эміграцыі, дбала пра польскасць: працавала ў польскай рэдакцыі радыё «Свабодная Еўропа», пісала вершы па-польску, выдатныя артыкулы, прысвечаныя Польшчы і польскай мове. Таксама да сваёй эміграцыі яна некалькі гадоў працавала ў беластоцкім радыё.

Фестываль габрэйскай культуры “Захор” працягваецца да аўторка. Сёння ў межах фестывалю пачынаецца навуковая канферэнцыя прысвечаная габрэям усходняй Еўропы. У час канферэнцыі пра сваю маці Феліцыю Рашкін-Новак раскажа Барбара Рубен з Капенгагена. Вечарам зайграе Гэрард Эдэры са Злучаных Штатаў, а ў аўторак на завяршэнне канцэрт вядомага піяніста Ярона Гэршоўскага у Падляшскай оперы і філармоніі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Jerzy Doroszkiewicz poranny.pl