У Беластоку пачаўся тыднёвы Велікодны кірмаш



На тыднёвы Велікодны кірмаш у сталіцу Падляшша традыцыйна прыехалі гандляры і народныя майстры не толькі з Польшчы, але таксама з Беларусі, Украіны і Літвы. Кірмаш працуе штодня з 10 да 17-ай гадзіны ад сёння і да наступнай пятніцы. Тут можам набыць рэгіянальныя прадукты і вырабы народных майстроў.

Традыцыя кірмашоў у Беластоку паходзіць з часой Яна Клеменса Браніцкага – аднаго з найбольш багатых і ўплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай. Расказвае Барбара Мушыньская з Падляшскага музея:

– Гандлёвыя традыцыі ў Беластоку даўнія. Мы імкнемся гаварыць і пра гісторыю. З усяго гэтага атрымліваецца ў нас гандлёвая імпрэза, падчас якой распавядаем пра гісторыю, бо сам Ян Клеменс Браніцкі клапаціўся пра гандлёвыя прывілеі. У Беластоку, за часамі Браніцкага, адбываўся вялікі кірмаш – але пасля двух тыдняў па заканчэнні свята Вялікадзень.

У суботу і нядзелю (8-9 красавіка) у дадатак да Велікоднага кірмашу, пройдуць таксама  выступы спецыяльна запрошаных артыстаў, запланаваныя шматлікія конкурсы і забавы. А для самых маленькіх запрацуе пляцоўка з надзіманымі горкамі і батутам.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы