У Беластоку падвялі вынікі артыстычнай працы вучняў



Ва Універсітэцкім цэнтры культуры ў Беластоку прайшло падвядзенне вынікаў артыстычнай працы вучняў пачатковай школы №4 і яе выпускнікоў. Перад поўнай залай гледачоў школьнікі паказалі найбольш яркія вынікі сваёй мастацкай творчасці. Як адзначыла настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк, артыстычныя заняткі перш за ўсё спрыяюць інтэграцыі.

Гэта не абмяжоўваецца толькі навучаннем у Беластоку. Заўсёды так было, што мы стараліся як найбольш розных рэчаў арганізаваць і гэта паспрыяла фактычна інтэграцыі дзяцей, моладзі, бацькоў.

Дзеці:

Маем добрыя ўспаміны з пачатковай школы. Спадарыня Аліна – суперчалавек, і цяпер мы з ёй развітваемся. Я вельмі ўзрушана з гэтай нагоды…

Вельмі часта выступаю на сцэне, гэта вельмі мне падабаецца. Увогуле, вельмі люблю тэатр. Гэтыя заняткі для мяне таксама файныя, я іх вельмі люблю. Я як толькі пачула, што ёсць такія тэатральныя заняткі, то адразу папрасіла маму, каб яна запісала мяне на іх, бо яны мне вельмі падабаюцца.

– Я чытаў “Віні Пуха” ў трэцім класе, бо ён быў у нашай школьнай праграме, і мне ён вельмі спадабаўся. І паводле мяне, я добра сыграў ролю Віні Пуха перад публікай. 

Гісторык Веслаў Харужы:

– Прыемна глядзець, як з кожным наступным годам ідзе асваенне сцэны. Пачатковая школа №4 – вельмі мастацкая. Настаўніцы праводзяць цудоўную працу з дзецьмі, якія ўжо ад трэцяга года жыцця вучацца спяваць, танцаваць на сцэне. І гэта ім падаецца нечым натуральным.

Наталля Жук:

Некалі мы таксама працавалі з гэтымі дзеткамі над рознымі фальклорнымі праектамі. Новыя спевы, новыя дзеці. І час змяняецца, таму мае пэўны адбітак і мода, і сучаснасць, і традыцыі. Я здзіўляюся часам фантазіі настаўнікаў, на працу якіх вельмі прыемна глядзіцца. Таму мне і самой гэта цікава. 

Мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў артыстычнай працы дзяцей і моладзі, як і штогод, зладзіла аб’яднанне “АБ-БА”.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі