У Беластоку падвялі вынікі беларускай дыктоўкі



Сталі вядомыя імёны пераможцаў дыктоўкі з нагоды Дня роднай мовы. У Непублічнай школе ім св.св Кірыла і Мяфодзія прайшло ўрачыстае падвядзенне вынікаў беларускай дыктоўкі, якую 21 лютага пісалі вучні з Беластока і Нарвы.

Як адзначыла арганізатарка мерапрыемства Іаанна Марко, узровень напісаных прац высокі.

– Пішаце вельмі добра. З кожным годам штораз лепш. Вельмі цешуся, што вы прымаеце ўдзел у такіх дыктаўках, што вы шануеце і не забываеце родную мову. Мы спадзяемся, што так будзе і далей.

Сярод вучняў з пачатковых школ першае месца заняла Оля Павлючук. Сярод гімназістаў перамагла Вераніка Кардзюкевіч. Працы дарослых былі напісаныя амаль беспамылкова.

Урачыстае ўзнагароджанне прайшло ў Непублічнай школе ім св.св Кірыла і Мяфодзія дзе ўсе атрымалі дыпломы, узнагароды і гарачыя апладысменты.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара