У Беластоку прайшла рэканструкцыя бітвы 1920 года



Беластоцкую бітву 1920 году называюць адным з апошніх акордаў польскага наступу падчас польска-бальшавіцкай вайны.

98 гадоў таму на вуліцах гораду сутыкнуліся аддзелы Першага пяхотнага палка легіёнаў з бальшавіцкімі войскамі, якія адступалі з-пад Варшавы. Перамогу атрымалі польскія сілы, якія пасля некалькіх гадзін крывавых вулічных баёў затрымалі войскі праціўніка, якія мелі колькасную перавагу, але ўжо адступалі на усход.

У Беластоку прайшла рэканструкцыя бітвы, палова ўдзельнікаў якой прадстаўляла бальшавікоў:

– Гэта рабоча-сялянская народная армія, якая прыйшла вызваліць бедны польскі народ з-пад ярма капіталістаў і польскіх паноў.

– Тут, сярод іншага, былі аддзелы Балаховіча “Беларускай народнай арміі”, якая таксама змагалася супраць бальшавікоў. Пад Беластокам таксама былі кавалерысты Балаховіча.

– Цудоўнае прадстаўленне, вельмі добра ўсё паказана, насамрэч ёсць эмоцыі.

У рэканструкцыі Беластоцкай бітвы, якая прайшла на пляцы Незалежнага саюзу студэнтаў, прынялі ўдзел 120 рэканструктараў. Баі, якія адбыліся 22 жніўня 1920 году, адзначаныя ў некалькіх месцах Беластоку. Да прыкладу, у горадзе ўсталяваны помнік у памяць пра 16 беластачан, прадстаўнікоў розных веравызнанняў, забітых бальшавікамі напярэдадні бітвы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя