У Беластоку прайшоў Міжнародны марш памяці ссыльных Сібіры



Тысячы людзей ушанавалі памяць тых, хто быў вывезены ў Сібір ды Казахстан. Вуліцамі Беластока прайшоў 17 Міжнародны марш памяці ссыльных Сібіры.

Апрача моладзі з мясцовых школ у маршы ўдзельнічалі асобы з Аўстраліі, Францыі, Злучаных Штатаў, у тым ліку вялікая група з Беларусі:

– Па розных ацэнках з Беларусі і Украіны было вывезена ад палутара да мільёна васемсот тысяч чалавек, не толькі палякі, былі там украінцы і беларусы.

– Пасля вайны ў 1949 годзе бацька быў асуджаны на 25 гадоў. Маці таксама была ў Казахстане, а мне ў той час было два месяцы.

Старшыня галоўнага праўлення Саюза сібіракоў у Польшчы Тадэвуш Хведзь:

– Мы павінны быць да гэтага падрыхтаваныя, што прыйдзе час, калі сібіракоў будуць толькі ўзгадваць, яны ўжо не будуць удзельнікамі. Мы цешымся, што з году ў год павялічваецца колькасць моладзі.

Сёлета ў маршы прыняло ўдзел каля 5 тысяч чалавек.

Лукаш Леанюк, Беласток, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара