У Беластоку праходзіць Фестываль рамесніцкага піва BEERSTOK



Сотні літраў піва і закускі пад яго, але таксама забавы. У Беластоку праходзіць Фестываль рамесніцкага піва BEERSTOK, які сабраў бровараў з усёй Польшчы. Наведнікаў фестывалю, які разгарнуўся на пляцоўцы перад Драматычным тэатрам, чакаюць паказы працэсу варэння піва, сустрэчы з піўнымі блогерамі і дэгустацыі. Усё на адмыслова вылучанай пляцоўцы з аховай,  медычнымі ратаўнікамі і на фоне музыкі.

Кажа Лукаш Леанюк, які прадстаўляе Browar Waszczukowe з Чорнай Беластоцкай:

– Тут можна пакаштаваць рознае піва. Маем крафтавую рэвалюцыю ў Польшчы. Прыходзьце, маем шмат цікавых гатункаў піва.

Пётр Чарны, бровар з Белавежы:

– Яшчэ не маем рэгіянальных рэцэптур піва. Магчыма, выпусцім піва з зуброўкай, або з нейкімі травамі. Напэўна, уплыў на наша піва мае белавежская вада.

– Смакую. Люблю крафтавыя гатункі за іх арыгінальны смак. Гэта піва трэба спрабаваць нетаропка.  

– Лічу, што імпрэза патрэбна і вельмі пасьпяховая. Кожны, хто ведае, знойдзе цікавае піва для сябе. Той, хто не ведае, таксама ў стане штосьці для сябе знайсці, бо тут рознае піва і  ўсім раю.

Фестываль рамесніцкага піва BEERSTOK праходзіць у Беластоку на працягу двух дзён 10-11 траўня. Уваходны білет на фестывальную тэрыторыю каштуе 10 злотых.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток