У Беластоку праходзіць V Усходні эканамічны кангрэс



„Тут сустракаюцца Захад з Усходам” – пад такім лозунгам у Беластоку праходзіць ужо пяты па ліку Усходні эканамічны кангрэс.

Традыцыйна сярод яго ўдзельнікаў прадстаўнікі ўладаў, прадпрымальнікі, бізнесоўцы, дыпламаты ды іншыя асобы з Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы ды шэрагу іншых краін. Кажа галоўны ініцыятар мерапрыемства, старшыня ўправы групы PTWP SA Войцех Кусьпік:

– Нам важна, каб гэта была падзея, якая палепшыць адносіны з нашымі суседзямі. Можна сказаць, што Беласток з’яўляецца такой брамай на ўсход, мяжой Еўразвяза з Беларуссю. Нам прыемна, што прадстаўнікоў бізнесу з Беларусі з году на год штораз больш. Натуральна, што польскім прадпрымальнікам залежыць на добрай супрацы з нашымі бліжэйшымі суседзямі.

„Беласток – гэта добрае месца для такіх сустрэч, асабліва з нашымі беларускімі суседзямі”, – кажа ў сваю чаргу прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:

– Тут Усход сустракаецца з Захадам, мы з’яўляемся натуральнай брамай да вялікіх рынкаў Беларусі і Расеі. Беласток з’яўляецца ваяводскім горадам, які найбольш высунуты на ўсход. Канешне шмат асобаў да нас прыязджае, ёсць пэўны бар’ер у выглядзе мяжы, але мы хочам яе зменшыць.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

У межах двухдзённых дэбатаў і сустрэч удзельнікі кангрэсу абмяркуюць шырокае кола пытанняў: ад энергетычнай бяспекі – да трансгранічнага супрацоўніцтва і турыстыкі. Зазначаецца, што кангрэс з’яўляецца добрай пляцоўкай для наладжвання новых кантактаў паміж прадстаўнікамі розных краін.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя