У Беластоку праходзіць “Ювеналія”



Шматколерны, расспяваны і вясёлы парад студэнтаў апанаваў вуліцы Беластока. У сталіцы Падляшша пачалося самае галоўнае студэнцкае свята – “Ювеналія”. З-пад універсітэцкай плошчы на кампус палітэхнічнага інстытута каляровым парадам прайшло каля трох тысяч студэнтаў. Сімвалічны ключ да брамы горада студэнтам перадаў віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі.

– Хацеў бы перадаць вам ключ ад брамы горада Беластока. Цягам чатырох дзён вы будзеце кіраваць нашым горадам.

Студэнты:

– Смешна, файна. У прынцыпе, няма ў Беластоку такіх падзей, дзе б была нагода так пераапрануцца. І зараз ляцім на канцэрты.

– Паслухаць розныя гурты, сустрэцца са знаёмымі.

– Каб яшчэ піва было дармовае, то ўвогуле добра было б.

Свята студэнцкай культуры “Ювеналія” працягнуцца да нядзелі. Студэнтаў чакаюць канцэрты ды іншыя мерапрыемствы. Зайграюць, між іншым, “Культ”, “Bratanki”, “Łzy”, “Luxnorpeda” i “FiszEmade”.

 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток