У Беластоку працягнуліся перамовы па спрэчным комплексе беларускамоўных садка і школы



14-га лютага прэс-служба Прэзідэнта Беластоку распаўсюдзіла зварот Тадэвуша Трускаляскага да бацькоў навучэнцаў школы №4 і дзціячага садка №14, якія плануецца аб’яднаць у адзін комплекс і ў адным будынку.

Адразу пасля гэтага ў прэзідэнцкім палацы па вуліцы Кілінскай улады горада сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай меншасці. За развіццём падзей на месцы назірала наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:

-Амаль дзве гадзіны адбывалася негалосная сустрэча ўладаў горада і прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці. Удзел у сустрэчы прынялі Прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, дэпутат Сейму Кшыштаф Трускаляскі, старшыня Рады горада Беласток Лукаш Пракарым, дырэктар Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук, прафесар Алег Латышонак і гісторык Анатоль Вап. Пасля заканчэння сустрэчы прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ад каментарыяў адмовіліся. Адзінае, што было агучана: рашэнне ўладаў гораду аб стварэнні комплексу з садка і школы яшчэ не канчатковае. Наперадзе яшчэ шэраг сустрэч, да таго ж будзе падавацца петыцыя ад беларусаў горада.

Нагадаем, што далучыцца да петыцыі супраць аб’яднання ў адзіны комплекс беларускамоўнага садка № 14 і школы №4 г. Беластоку можна ў Інтэрнэце, у тым ліку праз спецыяльна створаны сайт www.bjalystok.pl альбо праз сайт нашага радыё і акаўнты Рацыі ў сацсетках. Усе сабраныя подпісы будуць перададзены ў гарадскую ўправу 17-га лютага ў электронным і пісьмовым выглядзе.

Тэкст петыцыі даступны тут.

Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

[manual_related_posts]