У Беластоку прэзентавалі альбом „Супрасль 1913”



У Архідыяцэзіяльным архіве і музеі ў Беластоку прэзентавалі альбом „Супрасль 1913”.

Гісторык мастацтва Марэк Залеўскі і Пётр Ямскі з Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук у сваёй кніжцы прадстаўляюць фотадакументацыю Супраскага манастыра. Аўтарам архіўных фатаграфій з’яўляецца выдатны гісторык Гарадзеншчыны – Юзэф Ядкоўскі.

Выданне прысвечана амаль забытаму навукоўцу, кажа аўтар Марэк Залеўскі:

– Гэта чалавек, які адыграў галоўную ролю ў даследаваннях і дакументаванні гістарычных помнікаў. Гэтых помнікаў ужо няма, але яны існуюць толькі дзякуючы працам, якія выканаў Ядкоўскі. Вельмі дрэнна, што так адбываецца, што забываюць пра такіх людзей. Гэта адзін з піянераў рэстаўратарскіх, археалагічных і нумізматычных даследаванняў. Выбітная асоба, чалавек, які зрабіў вялізную працу.

Вячаслаў Швед, артыкул якога таксама змяшчаны ў кнізе, лічыць Юзэфа Ядкоўскага класікам гісторыі Гародні:

– Каталік, гісторык, які пісаў пра Гародню і Гарадзеншчыну, але ўжо з іншага боку. Хаця, як гісторык, прызнаваў, што Гародня, напрыклад, заснавана варагамі, рускімі, а не так, як польскія гісторыкі пісалі: “Польская Гародня”. На сённяшні дзень на жаль не маем мемарыяльнай дошкі прысвечанай Ядкоўскаму, але мы памятаем, што ёсць ягоны музей.

Юзэф Ядкоўскі нарадзіўся ў Гародні ў 1890 годзе. Археолаг, гісторык, заснавальнік Музея гісторыі і археалогіі ў Гародні. Ядкоўскі быў ініцыятарам археалагічных даследаванняў Старога замка ў Гародні і яго рэканструкцыі.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара