Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2018” (абноўлена)



30 хораў з 11 краін, каля 200 музычных твораў і 3 дні конкурсных слуханняў. У Беластоку пачаўся міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2018”.

У час інаўгурацыйнага канцэрта на сцэне прэзентаваўся лаўрэат гран-пры з мінулага года – Акадэмічны камерны хор “Хрэшчатык” з Кіева.

Фестываль адкрыў віцэпрэзідэнт горада Беластока Рафал Рудніцкі.

Кажа сябра журы фестывалю айцец Юры Шурбак:

Можам паслухаць тое, што прэзентуюць хоры, якія дзейнічаюць пры парафіях, а гэта, хіба што, сутнасць усёй справы – падняць ровень хораў парафіяльных, вясковых і гарадскіх.

– Вельмі прыгожыя гэтыя песні, тэмбр голасу і перадусім само выкананне. Бог даў ім такі прыгожы голас.

– Прыцягвае нас прыгажосць царкоўнай музыкі.

– Прыгожыя чалавечыя галасы, яны хіба і ствараюць музыку без аніякіх музычных інструментаў. І іх выкананне такое, што часам нават мурашкі бегаюць.

У час інаўгурацыйнага канцэрта ўзнагароду міністра культуры ды нацыянальнай спадчыны Польшчы – медаль “Глорыя Артіс” атрымаў сябра журы фестывалю айцец Юры Шурбак.

Сёлета ў час трох дзён конкурсных слуханняў выступяць хоры з Расеі, Украіны, Латвіі, Літвы, Вялікабрытаніі, Лібану ды 5 хораў з Беларусі. 17 траўня пачатак у 17 гадзін у будынку філармоніі па вуліцы Падлесьнай 2.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беластока

* * * 

16 траўня стартуе Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка 2018” у Беластоку.

Традыцыйна, акрамя галоўных канцэртаў і конкурснай часткі, фестываль завітае ў шэраг малых мясцовасцей на Падляшшы. Ужо на працягу 37-мі гадоў галоўнай яго мэтай зяўляецца прэзентацыя высокай мастацкай і духоўнай каштоўнасці духоўнай музыкі. Таксама фестываль вылучаецца прафесійнасцю яго ўдзельнікаў. Кажа дырэктар фестывалю Мікалай Бушка:

– Фестываль «Гайнаўка» ў Беластоку – гэта адзіны ў свеце фестываль, у якім конкурснай ацэнцы паддаюцца прафесійныя хоры. У гэтым годзе іх будзе пяць. Дарэчы, шчыра кажучы, большасць выканаўцаў – гэта людзі з музычнай падрыхтоўкай. І вельмі рэдка хоры, у якіх людзі не чытаюць нотаў, перадусім гэта аматарскія хоры.

Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка 2018” пройдзе па 20-га траўня. Галоўная сцэна – гэта будынак філармоніі ў Беластоку на вуліцы Падлесьнай.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота festiwal-hajnowka.pl