У Беластоку сустрэліся творцы з Беларусі і Польшчы



На выходных у Беластоку сустрэліся музыкі, танцоры і спевакі з Беларусі і Польшчы. У горадзе адбыўся 24-ы фестываль «Беласток-Гародня». Нягледзячы на дождж у парку Планты на традыцыйную сустрэчу польскіх і беларускіх выступоўцаў прыйшлі дзясяткі чалавек. На сцэну выходзіў і танцавальны ансамбль «Радуньскія салавейкі» з Радуні Воранаўскага раёна Гарадзеншчыны.

Кіраўнічка калектыва Францішка Габіс згадала, што „Салавейкі” не ўпершыню прыехалі выступаць у Беласток:

Нашаму калектыву споўнілася 25 гадоў. Мы выступаем тут ужо не першы раз. Летась у нас у Гародні была такая сустрэча, у Польшчы мы апошні раз былі летам у Мрангове, былі ў сваіх сяброў у Смардзевіцах, на сямейным фестывалі. Калектыў школьнікаў, таму штогод мяняюцца дзеці: з аднаго боку гэты выдатна, але з іншага для пастаноўкі танца прыходзіцца яшчэ больш працаваць.

Фестываль «Беласток-Гародня» адметны тым, што беларускія ансамблі найчасцей выконваюць польскія песні і танцы, а польскія калектывы паказваюць беларускую праграму.

Кастусь Багушэвич, Беларускае Радыё Рацыя