У Беластоку ўшанавалі памяць ахвяр “чорнай пятніцы”
У Беластоку ўшанавалі памяць ахвяр “чорнай пятніцы”. 27 чэрвеня 1941 года гітлераўскія карнікі пасля ўваходжання ў горад учынілі пагром габрэйскага насельніцтва. За адзін дзень загінулі каля трох тысяч чалавек.
Пра гэта казаў прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі на ўрачыстасці каля помніка-купала на месцы спаленай Вялікай сінагогі:
– У выніку таго злачынства была спалена сінагога разам з замкнёнымі ў ёй вернікамі. Толькі некалькім асобам удалося ўцячы дзякуючы польскаму наглядчыку. Юзэф Бартошка ўратаваў некалькі асобаў, некалькі чалавечых жыццяў. А ўратаваць адно чалавечае жыццё – гэта як уратаваць цэлы свет.
Беластоцкая трагедыя паклала пачатак знішчэнню габрэйскага насельніцтва рэгіёну.
У месцы Вялікай сінагогі на сучаснай вуліцы Суражскай стаіць помнік-купал, які сваімі контурамі нагадвае купал спаленай сінагогі пасля яго абрушэння.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Departament Polityki Informacyjnej
Urząd Marszałkowski Województwa Podlaskiego
