У Беластоку ўшанавалі памяць савецкіх салдат, загінулых у Другую сусветную вайну



Прыйшлі ўшанаваць памяць загінулых савецкіх жаўнераў – такім чынам у Беластоку адзначылі 9 траўня. Мерапрыемства арганізавала Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Сустрэча пачалася малітвай за загінулых.

Ала Фёдарава, генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку: 600 тысяч салдат Чырвонай арміі загінулі пры вызваленні Польшчы. Значна болей загінула пры абароне і вызваленні Беларусі. Таму кожны год мы сустракаемся тут для таго, каб ушанаваць памяць байцоў , пахаваных на гэтых могілках.

Андрэй Раманчук, сакратар праўлення Рускага культурна-асветнага аб’яднання ў Польшчы: Тут ляжаць рускія, беларусы, украінцы, татары, літоўцы, палякі, якія былі ў Чырвонай арміі, пра што, на жаль, Польшчы ніяк ня хоча помніць, што як мінімум 100 тысяч палякаў было ў шэрагах Чырвонай арміі. І трэба пра іх помніць.

Яўген Чыквін, палітык: Прыйшлі, каб вызваліць Польшчу. Аддаць даніну памяці – ёсць нашым абавязкам.

Прысутныя ўсклалі кветкі ля памятніка загінулых у час Другой сусветнай вайны савецкіх жаўнераў. Сярод удзельнікаў была між іншым дэлегацыя консульства РБ, беларускага войска і пару грамадскіх арганізацыі з Польшчы. На памятных урачыстасцях на гарадскіх могілках у Беластоку не прысутнічалі прадстаўнікі мясцовага самаўраду ці іншых польскіх дзяржаўных арганізацыі.

Радаслаў Дамроўскі, Беларускае Радыё Рацыя