У Беластоку з’явіцца лакальны аэрапорт



Самаўрад Падляшскага ваяводства знойдзе сродкі на пабудову аэрапорта ў Беластоку.

Гэта задэкларавалі на сустрэчы з прэзідэнтам Беластока кіраўнікі рэгіёна. Раней горад прызначыў на пабудову аэрапорта 31 мільён злотых. Стала вядома, што праект будзе каштаваць на 16 мільёнаў даражэй, палова з якіх ужо знойдзена. Горад у сваю чаргу павінен выдаткаваць са свайго бюджэту 8 мільёнаў злотых.

Кажа прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:

– Мы ўсе за тое, каб ідэя, якая існавала напрацягу многіх гадоў, матэрыялізавалася. Мы ніколі не былі так блізка да пабудовы аэрапорта ў Беластоку, дастаткова толькі правесці аўкцыён, падпісаць дамову і напрацягу года пабудаваць узлётную паласу.

У межах праекта з’явяцца дзве ўзлётныя паласы, адна бетонна-асфальтавая даўжынёй 1350 метраў, другая грунтовая даўжынёй 860 метраў. Аэрапорт павінен быць пабудаваны да канца 2018 года і зможа прымаць самалёты, якія перавозяць не больш за 50 пасажыраў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя