У Беластоцкім універсітэце адбылася прэзентацыя кнігі „Максімюк”



У Беластоцкім універсітэце адбылася прэзентацыя кнігі «Максімюк», якая апавядае пра жыццё славутага дырыжора і кампазітара Ежы Максімюка. Пачэсны грамадзянін Беластока быў дырыжорам Польскага камернага аркестра, Вялікага сімфанічнага аркестра Польскага радыё, Шатландскага сімфанічнага аркестра. Кнігу, якая была выдадзена пры дапамозе універсітэта ў Беластоку, напісалі тры аўтары: Анна Гжэеўска, Эва і Павел Пясэцкія. Кожны адказваў за асобны раздзел.

Ежы Максімюк распавёў, што вельмі хоча наведаць Гародню, у якой нарадзіўся:

– Хацеў бы калісьці прыехаць у Гародню, бо ніколі там не быў, я там нарадзіўся, але ніколі не быў. Беларуская народная культура мне вельмі блізкая, і калі часамі трэба было пісаць музыку да фільмаў, мне вельмі гэта дапамагала, бо гэтая музыка заўсёды гучыць ў маіх вушах. Маё прозвішча Максімюк таксама беларускае.

Распавядае Павел Пясэцкі:

Я — аўтар часткі, прысвечанай шатландскаму перыяду ў жыцці і творчай працы Ежы Максімюка, пісаў пра той час, калі ён кіраваў Шатландскім сімфанічным аркестрам BBC. Я двойчы быў у Глазга, размаўляў са шмат якімі людзьмі. Падвойная прыемнасць, бо Ежы таксама яшчэ і мой айчым, таму тут асабістая прыемнасць, але я таксама надзвычайна цаню яго як творцу, музыку, дырыжора. Я пачуў мноства сапраўды цёплых сардэчных слоў на тэму таго, наколькі моцна ён паўплываў на жыццё людзей.

Падчас прэзентацыі наведвальнікі набылі некалькі дзясяткаў кніг пра Ежы Максімюка. Выданне змяшчае шмат здымкаў славутага кампазітара, якія раней нідзе не публікаваліся.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток