У Белавежы прайшло беларускае Купалле



Толькі адна такая ноч у годзе. Як і штогод, папулярнае мерапрыемства белавежскае “Купалле” пачалося каляровым карагодам. Калектывы, несучы вуліцамі мястэчка свае купальскія вянкі, спявалі гімн свята – “Купалінку”. Карагод з самага пачатку суправаджала публіка. Купальскі канцэрт прайшоў у белавежскім амфітэатры. Кажа Васіль Сегень з Беларускага грамадска-культурнага таварыства:

– Для нас таксама вельмі важна, што людзі цікавяцца, і не толькі нашыя, мясцовыя, але і іншыя. Цікавяцца беларускай культурай, беларускім абрадам, беларускім Купаллем у Белавежы. Пабачыць гэтае свята, гэты купальскі канцэрт ці іншыя абрады, звязаныя з Купаллем, – для іх вельмі цікавая справа. Ідзе карагод, шмат людзей з фотаапаратамі, камерамі. Для іх гэта нешта новае, незвычайнае.

Акрамя шматлікіх беларускіх калектываў з Падляшша, выступілі таксама ансамбль танца “Гарадзенскія карункі” з Гародні і “Церніца” з Менска. Пасля канцэртнай часткі прайшоў паказ феерверкаў і найбольш чаканы купальскі абрад пускання вянкоў па рацэ.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

Фота аўтара