У Бельску дыскутуюць пра славянскую культуру і гісторыю



Славянскую культуру і гісторыю абмяркоўваюць у Бельску-Падляшскім. У мясцовай Гарадской публічнай бібліятэцы праходзіць «Міжнародная міждысцыплінарная канферэнцыя».

Удзел у ёй прымаюць даследчыкі з Беларусі, Расеі і Польшчы, якія прэзентуюць даклады на гістарычныя, культурніцкія ды філасофскія тэмы. Кажа Ігар Вуглік з Інстытута сучасных ведаў у Менску:

– Я зрабіў спробу разгледзець даволі складаную праблему лёса і лёсавызначальных кампанентаў фактараў у жыцці людзей ХVІІ – ХVІІІ стст. Даследаваць іх рэфлексію на тое, ад чаго залежыць іх з’яўленне на свет, лёс і іх смерць. Я вызначыў канстант, звязаны з боскім уплывам, і канцэпт больш рэалістычны, гуманістычны, звязаны з дакладным жыццём чалавека ў грамадстве і яго падпарадкаваннем законам.

Даклады будуць працягвацца да 17 гадзіны. Тады і ў бельскай Пакроўскай царкве пачнуцца візантыйскія спяванні пад кіраўніцтвам Марціна Абійскага з Беластока. «Міжнародная міждысцыплінарная канферэнцыя» праходзіць у рамках «Пралогу. ІІІ Дзён славянскай культуры і пісьменства».

 

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара