У Бельску Падляшскім прывіталі ўкраінскіх уцекачоў
У Бельску Падляшскім у касцёле Найсвяцейшага Божага Провіду адбылася Святая Імша на ўкраінскай мове і за мір ва Украіне. У мерапрыемстве прынялі ўдзел як мясцовыя прыхаджане, так і новапрыбыўшыя ўкраінцы.

Кажа пробашч парафіі, прэлат Збігнеў Кароляк:
– У Бельску ўжо зарэгістравана больш за 400 асобаў. Яны былі адарваныя ад сваіх сем’яў, ад сваёй Радзімы. Мы стварылі прыхадскі садок, які стала наведвае недзе каля 20-ці дзяцей.
Украінка Аксана з Луцку, якая прыняла ўдзел у імшы, распавяла пра выезд у Польшчу:
– Прыехала на 16-ы дзень вайны. Нас перасцерагалі, што могуць увайсці беларускія войскі. Урад папрасіў вывезці з Украіны дзяцей, бо можа быць рознае, мы не ведаем, што можа адбыцца. Я ноччу села з дзецьмі ў машыну і выехала з Украіны. Беларусы засталіся дома, яны не прыйшлі да нас. Мы спадзяемся, што гэта хутка скончыцца і мы ўсе вернемся.
Пасля асноўнай часткі ў гістарычнай сядзібе Смульскіх, якая належыць да парафіі, адбыўся салодкі стол для ўдзельнікаў імшы. Падчас сустрэчы прадстаўнікі мясцовага аддзялення паліцыі распавялі ўцекачам з Украіны пра правілы бяспечнага пражывання ў Бельску Падляшскім.










Беларускае Радыё Рацыя