У Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы пісалі экзамены па беларускай мове
„У чым заключаецца асаблівая сувязь чалавека з малой айчынай, абапіраючыся на фрагмент паэмы Якуба Коласа „Новая зямля” – найбольш папулярная тэма, якую выбіралі сёлетнія выпускнікі агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім.
„Экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове пісалі тут 62 выпускнікі, пры чым лаўрэаты алімпіядаў звольненыя з экзамену,” – кажа дырэктар Бельскага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча Андрэй Сцепанюк:
– Такіх асобаў было ў нас восем. Прапанова тэмаў складалася з тэкстаў публіцыстычных – першы тэкст Яўгена Вапы “А ў пушчы сіла”, другі Юрыя Клапоніна “Мова і нацыянальная свядомасць”. У другой частцы моладзь мела да выбару дзве тэмы: “У чым заключаецца асаблівая сувязь чалавека з малой айчынай”, і другая тэма – “Зрабі аналіз верша”, гэты верш – “Родныя вобразы” Якуба Коласа.
У Гайнаўскім ліцэі з беларускай мовай навучання экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове пісалі 74 выпускнікі,12 былі лаўрэатамі або фіналістамі алімпіяды па беларускай мове. Сёння, 20 траўня, экзаменам з моваў нацыянальных меншасцяў закончыліся гэтак званыя „матуры” ў Польшчы. Вынікі па ўсіх прадметах будуць вядомыя 5 ліпеня.
Валя Лаеўская, Беларуская Радыё Рацыя
