У Бельску Падляшскім прайшлі Спасаўскія запусты



Жніўны абрад “Перапяліцы” ў супольным выкананні калектываў Бельскага дома культуры пачаў “Спасаўскія запусты”. Мерапрыемства прайшло ў Бельску Падляшскім 24-ты раз. Гэта запусты перад Успенскім постам, які ў Царкве пачынаецца з 14 жніўня. Кажа Васіль Ляшчынскі з Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Бельску:

Мы проста паказваем свае карані і хочам гэтых каранёў. Цяжка адарвацца ад іх, адкуль мы ўзяліся. А мы ўзяліся з навакольных вёсак, малых мястэчак, якія на нашым Падляшшы. Гэта ўсё творыць нас. Мы створаны з той матэрыі, народнай, беларускай, і не можам пра яе забываць.

Пасля абрадавай прайшла канцэртная частка. Беларускія песні выканалі мясцовыя калектывы, сярод якіх “Маланка” і “Васілёчкі”, а таксама бельская моладзь. З Беларусі на свята прыехаў калектыў “Журавіны”, а завяршыў канцэрт беластоцкі “Гай”.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара